Палітзняволеная Таццяна Батура з’ехала з Беларусі
Палітзняволеная Таццяна Батура, якая правяла ў ізалятары на Акрэсціна 46 сутак, змагла пакінуць краіну. Таццяна была затрыманая 15 лістапада, калі хацела трапіць на суд над Вольгай Залатар.
32-гадовую мянчанку тры разы арыштоўвалі на 15 сутак, кожны раз «перазатрымліваючы» па заканчэнні арышту. Яна павінна была выйсці на волю 30 снежня, аднак на яе склалі чарговы пратакол. 29 снежня памёр бацька Таццяны, аднак супрацоўнікі ЦІП адмовіліся адпускаць яе на пахаванне.
31 снежня суддзя Наталля Бугук усё ж выпісала пастанову на вызваленне, каб Таццяна магла трапіць на пахаванне, і перанесла суд на трэцяе студзеня. Так Таццяна змагла развітацца з бацькам, а пасля гэтага пакінуць Беларусь.
За ўвесь тэрмін за кратамі Таццяна трымала галадоўку 13 дзён. За 45 дзён у нечалавечых умовах яна схуднела на 8 кілаграм. Акрамя гэтага, яе пратрымалі 20 дзён у карцэры, ложак ахоўнікі ні разу за ўвесь гэты час не адшпільвалі. Падчас суда Таццяна Батура заяўляла аб тым, што ў РУУС яе білі.