Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк пакарана 1 годам і 3 днямі калоніі агульнага рэжыму
Прыгавор суддзі Станіслава Іванюценка выглядае даволі цынічна, кажа муж Паліны Андрэй Шарэнда:
– Станіслаў Іванюценка – суддзя суда Рэчыцкага раёна агучыў прысуд Паліне. Максімальнага тэрміна па 411 артыкуле Крымінальнага кодэкса суддзі стала мала і ён дадаў да гэтага тэрміна 3 дні. Гэта менавіта тыя 3 дні Паліна не паспела адбыць па мінуламу пакаранню. Бо на яе завялі новую справу за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі і перавялі ў Гомельскае СІЗА №3.
Паводле Андрэя, на судзе Паліна вяла сябе годна, хаця гэта ёй давалася цяжка. Фізічна яна моцна знясілена. У яе няма цёплых рэчаў, працягвае спаць на падлозе, бо ёй так і не выдалі матраца і бялізны. Кідаюцца ў вочы бледны твар, худоба і чырвоныя ад стомы вочы Перадачу ад маці з цёплымі рэчамі і ежай не прынялі.
У апошнім сваім слове на судзе палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк правяла аналогію паміж паўстаннем Каліноўскага і паўстаннем 2020 года.
Нягледзячы на паразу паўстанняў, іх значэнне для адраджэння свядомасці паняволеных людзей не адняць, каротка пераказвае выступ Паліны яе муж Андрэй Шарэнда:
– Паліна зрабіла дакладную аналогію з тым, што адбываецца ў Беларусі зараз, з паўстаннем Кастуся Каліноўскага 1863-64 гг. Тады паўстанне супраць імперыі пацярпела паразу. Паўстанцы паўсталі перад рэпрэсіямі, некаторых катавалі, некаторыя пайшлі на шыбеніцу. Некаторыя былі высланыя на катаргу. Большасць была вымушана пакінуць радзіму. Хоць паўстанне Каліноўскага і прайграла, але яно стала падмуркам для нацыянальнай свядомасці народаў Беларусі, Польшчы і Літвы.
Паліна Шарэнда-Панасюк у сваім апошнім слове выказала ўпэўненасць у будучай перамозе сучасных паўстанцаў. Яны ўвойдуць у гісторыю як нацыянальныя героі, а іх каты паўстануць перад Міжнародным судом, імёны іх пакрыюцца ганьбай, як гэта было з паўстанцамі Каліноўскага і іх катамі.
Беларускае Радыё Рацыя