Палітзняволеную Таццяну Канеўскую перавялі з калоніі ў «крытую» турму



Палітзняволеную Таццяну Канеўскую перавялі з калоніі ў «крытую» турму. Дакладныя прычыны такога рашэння невядомыя.

Як паведамілі сыны 55-гадовай палітзняволенай, перавод маці быў для іх «нечаканым і незразумелым». Канеўская адбывала пакаранне — 6 гадоў пазбаўлення волі — у гомельскай жаночай калоніі № 4 за ўдзел у масавых пратэстах. Адміністрацыя калоніі адмовілася паведаміць адвакату, куды менавіта перавялі яе падабаронную. У Беларусі для жанчын гэта можа быць турма ў Жодзіне, Магілёве ці Гародні. Там зняволеныя не маюць магчымасці выходзіць на працу, утрымліваюцца ў камерах, маюць абмежаванні на лісты, спатканні і перадачы. Такія захады прымяняюць да «парушальнікаў правілаў унутранага ўтрымання» калоній.

Вядома, што ў лістападзе Таццяну Канеўскую на 20 дзён змяшчалі ў штрафны ізалятар. Нагадаю, што Канеўская — адна з лідарак кампаніі «Маці 328», якая змагалася супраць працяглых тэрмінаў для затрыманых паводле наркатычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У 2020 годзе была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах. 8 жніўня 2020 году, за дзень да асноўнага галасавання, яе затрымалі.

У Канеўскай чатыры сыны. Увесну мінулага году аднаго з іх, Змітра, пасадзілі на 3 гады за негатыўны каментар у адрас міліцыі ў тэлеграм-канале. У лістападзе-снежні 2021 году яе сын Аляксей адсядзеў 30 сутак за тое, што з’явіўся ў судзе, дзе быў сведкам, у масцы з надпісам «Честные люди». Суд палічыў гэта пікетам.