Палітзняволеную Вольгу Класкоўскую наведаў адвакат
Прызнаную палітзняволенай Вольгу Класкоўскую 27 траўня ў гомельскай жаночай калоніі (ПК-4) наведаў адвакат Пётр Барысаў.
Былую журналістку газеты „Народная Воля” судзілі за „перакрыццё дарогі” ў менскім мікрараёне Серабранка паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яна прыгавораная да двух гадоў пазбаўлення волі.
Раней адвакат не мог наведаць палітзняволеную, бо яна знаходзілася ў штрафным ізалятары. Класкоўская адмаўлялася шыць форму для міліцыі — менавіта такая вытворчасць арганізаваная на базе калоніі.
„Цяпер яна пачала працаваць (паводле звестак сваякоў Класкоўскай, праца не звязаная з пашывам абмундзіравання для супрацоўнікаў міліцыі. — БелаПАН.). Перадае ўсім прывітанне. Настрой у яе нармальны, я б нават сказаў, баявы. Адчувае сябе лепш. Таблеткі, якія перадала ёй маці, пайшлі на карысць”, — адзначыў адвакат.
Паводле яго слоў, на вопратцы ў Класкоўскай жоўтая бірка: хутчэй за ўсё, яна стаіць на прафілактычным уліку як „схільная да экстрэмізму”. Падабаронная цікавіцца падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі. Да прыкладу, яна ведае пра смерць у шклоўскай калоніі Вітольда Ашурка.
Класкоўская паведаміла, што з-за таго, што яна знаходзіцца на прафілактычным уліку, мае права расходаваць толькі 58 рублёў за месяц (дзве базавыя велічыні). На яе рахунку больш за 500 рублёў, і яна просіць суграмадзян пакуль не рабіць ёй пераводы.
22 снежня 2020 года ў судзе Ленінскага раёна Менска быў вынесены прысуд па справе аб перакрыцці дарог у Серабранцы ў дачыненні да 38-гадовай Вольгі Класкоўскай, 18-гадовага Артура Булаўскага і 17-гадовага Максіма Бабіча.
Згодна з версіяй міліцыі, група людзей блакавала рух на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава.
Паводле версіі ўдзельнікаў „перакрыцця”, яны пастаялі некалькі хвілін і частку дарогі вызвалілі, каб ахвотныя маглі праехаць. Пасажыры адной з машын (на судзе яны выступілі як пацярпелыя) пачалі нецэнзурна абурацца дзеяннямі пратэстоўцаў, узнік канфлікт.
На судзе Класкоўская заявіла, што яе пры затрыманні моцна збілі, у міліцыі давялося выклікаць „хуткую”. У бальніцы ў яе дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму.
„Пасля таго як мне было прызначанае лячэнне, мяне выкралі невядомыя ў балаклавах літаральна з-пад кропельніцы, з катэтарам. Калі я трапіла на Акрэсціна, а потым у Жодзіна, мне было адмоўлена ў медыцынскай дапамозе. У РУУС я адмовілася даваць паказанні, мне некалькі разоў пагражалі расстрэлам, калі я не пачну сведчыць супраць сябе ці іншых людзей. Я адмовілася. Яны мяне не зламалі і не зломяць. Калі мяне асудзяць на падставе гэтага артыкула, для мяне гэта будзе вялікі гонар. Значыць, маё жыццё было пражытае недарма, я са сваім народам. Жыве Беларусь!” — заявіла Класкоўская, выступаючы ў судзе з апошнім словам.