Палітзняволены Дзмітрый Фурманаў спыніў галадоўку
Стала вядома, што палітзняволены Дзмітрый Фурманаў, які ўтрымліваецца ў СІЗА гарадзенскай турмы, 15 сакавіка спыніў галадоўку.
Пра гэта паведаміла яго дзяўчына Вольга Каракіна пасля таго, як раніцай 17 сакавіка Дзмітрыя ў СІЗА наведаў адвакат.
Галадоўку спыніла і сама Каракіна. Яна галадала з 13 сакавіка ў знак салідарнасці з Дзмітрыем.
Фурманаў абвясціў галадоўку 11 сакавіка, прычынай стала яго змяшчэнне ў карцар на пяць сутак. Фурманаў таксама пратэставаў супраць змянення да яго стаўлення ў турме: на працягу апошняга месяца яго пачалі выводзіць за межы камеры, у тым ліку на шпацыр, у наручніках, як небяспечнага злачынцу.
Затрымалі Фурманава ў Гродне 29 мая 2020 года на пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Яго абвінавачваюць паводле артыкула 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Згодна з абвінавачаннем, ён разам з Мікалаем Статкевічам, Паўлам Севярынцам з 2019 года рыхтаваліся да масавых беспарадкаў, распаўсюджвалі інфармацыю пра гэта, шукалі людзей, якія маглі б узяць у іх удзел. Фурманаву пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Вольга Каракіна восенню мінулага года з’ехала ад пераследу ў Літву. Яе судзілі за ўдзел у мітынгах, выклікалі ў Следчы камітэт. Яна часова жыве і працуе ў Вільнюсе, удзельнічае там у акцыях салідарнасці з Беларуссю.
Беларускае Радыё Рацыя