Палітзняволены Дзмітрый Кубараў прыгавораны да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму



У судзе Фрунзенскага раёна Менска 24 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе 25-гадовага дызайнера Дзмітрыя Кубарава, якога абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Як паведамляе spring96.org, суддзя Дзмітрый Лукашэвіч прызнаў яго вінаватым і пастанавіў пакараць сямю гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менавіта такое пакаранне напярэдадні запрасіла памочніца пракурора Аліна Касьянчык.

Іск аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды „Менсктрансу” будзе разглядацца асобна ў грамадзянскім парадку.

Паводле абвінавачання, з 9 па 12 жніўня Дзмітрый Кубараў заклікаў людзей у інтэрнэце і афлайн да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках. А таксама сам арганізоўваў масавыя беспарадкі і ўдзельнічаў у іх. Акрамя таго, ён меў намеры вырабіць „кактэйль Молатава”.

11 жніўня Дзмітрый Кубараў быў жорстка затрыманы і дастаўлены ў СІЗА КДБ. У ноч на 12 жніўня там жа ён падпісаў яўку з прызнаннем віны. У яго кватэры прайшоў вобшук, пасля якога ў яго канфіскавалі рупар, медыкаменты, ваду, тэхніку (тэлефон, ноўтбук), каністры з растваральнікам і шкіпінар, які выкарыстоўваўся для рамонту кватэры. Сем месяцаў ён утрымліваецца пад вартай. Разгляд справы пачаўся 12 сакавіка. Дзмітрый не прызнаў сваю віну і заявіў пра катаванні пасля затрымання.

Кубараў прызнаны палітычным зняволеным. Разам з адвакатам ён плануе абскардзіць прысуд.