Палітзняволены мастак Алесь Пушкін выразаў лязом крыж на сваім целе



Рэдакцыя газеты «Новы Час» атрымала расповед аднаго з вязняў, які апісвае здзекі ў турме з мастака Алеся Пушкіна падчас судовага працэсу.

Як кажа вязень, Алесь Пушкін з дапамогай ляза выразаў на сваім целе крыж. Дзяжурныя ўбачылі гэта на маніторы і прымянілі супраць Пушкіна гумовыя дручкі.

«Замест грубых, цяжкіх удараў, якія пакідаюць гематомы — білі хвостка і рабілі акцэнт на баявых прыёмах. Пасля кароткага выхаваўчага працэсу крывацечныя раны сталі занадта прыкметныя, каб іх ігнараваць. І Пушкіна панеслі, як маглі, аказваць тэрміновую медычную дапамогу”.

Палітвязень Алесь Пушкін за кратамі з сакавіка 2021 году. 30 сакавіка 2022 году Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму (падчас закрытага працэсу ён парэзаў сабе жывот на знак пратэсту).

Мастака прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяннях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асобаў», і ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў». Падставай для абвінавачанняў сталі карціны з цыклу «Беларускі супраціў» і перфоманс, які ён правёў ва Украіне. Вяртаючыся з Кіева, Пушкін ведаў, што на яго на радзіме завялі крымінальную справу.