Палітзняволены Уладзімір Гундар абвясціў галадоўку
Палітзняволенага Уладзіміра Гундара зноў змясцілі ў карцар. На знак пратэсту ён абвясціў галадоўку.
Паводле жонкі палітвязня Алены Гундар, увечары 17 верасня Уладзіміра Гундара змясцілі ў карцар. Ён адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі да яго двума вязнямі „нізкага сацыяльнага статусу”. За гэта адміністрацыя турмы пакарала яго 10 суткамі ў карцары:
– Адвакат папрасіла ў мяне цёплае адзенне для яго і таблеткі, лекі, бо яго трасе. За ўвесь гэты час, што ён сядзеў – год і дзевяць месяцаў, ён не хварэў ні кавідам, ні прастудай, у яго не было тэмпературы, а зараз усё гэта з’явілася.
Гундар абвясціў галадоўку на ўвесь тэрмін спагнання — будзе піць толькі ваду. Акрамя гэтага, Уладзімір захварэў, таму яму патрэбныя лекі. Магчыма, ён захварэў на каронавірус.
Нагадаем, у будынку гарадзенскай турмы 18 траўня пачаўся суд над фігурантамі „справы Аўтуховіча”, сярод якіх — палітзняволены баранавіцкі актывіст Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.
Беларускае Радыё Рацыя