Палова ложкаў на Берасцейшчыне аддадзеная для хворых на каронавірус
Чатыры тысячы станоўчых тэстаў на COVID-19 — такую мяжу на гэтым тыдні перакрочыць Берасцейшчына. Гэта вынікае з дынамікі захворванняў у Берасцейскім рэгіёне.
– Палова ложкаў у Берасцейскай вобласці аддадзеная для хворых на каронавірус. У Берасцейскай гарадской бальніцы занята 600 з 680 месцаў, вызначаных пад COVID-19. У сярэднім паступае ад 30 да 50 пацыентаў у дзень.
Таксама не да канца застаецца вырашаным пытанне з аказанне дапамогі медыкам. У раёнах не хапае сродкаў індывідуальнай абароны, прадстаўнікі сферы аховы здароўя вымушаныя самастойна займацца пашывам супрацьчумных касцюмаў. Пра гэта яны паведамляюць ананімна, а таксама праз знаёмых змяшчаюць інфармацыю ў сацыяльных сетках.
У Берасці пакуль маем ад 150 да 300 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Гэта сярэдні паказчык па вобласці. Пры ўмове, што значную частку пацыентаў сюды прывозяць з ўсіх раёнаў Берасцейшчыны.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце