Палякі багацейшыя за грэкаў і даганяюць партугальцаў



Польшча ўпершыню ў сучаснай гісторыі перагнала па ўзроўні жыцця краіну Заходняй Еўропы.

Пра гэта піша „Радыё Польшча” са спасылкай на дадзеныя МВФ.

У мінулым годзе даход на душу насельніцтва ў Грэцыі быў менш, чым у Польшчы. Па дадзеных МВФ, пры ўліку рэальнай пакупніцкай здольнасці, у 2015 годзе даход на аднаго жыхара Грэцыі склаў 26,449 тысяч даляраў, а прыбытак на аднаго паляка быў на 6 даляраў вышэй.

Па прагнозах МВФ, у наступным годзе гэтая розніца складзе 1,5 тысяч даляраў. Выданне адзначае, што 12 гадоў таму, калі Польшча ўступала ў ЕС, ад Грэцыі яе аддзяляла цэлая бездань.

У той час даход на душу насельніцтва ў Грэцыі складаў 96% ад сярэдняга даходу па ўсёй Еўропе, тады як у Польшчы гэты паказчык быў на ўзроўні 49%.

Акрамя таго, па дадзеных МВФ, ужо у 2018 годзе па ўзроўні жыцця палякі абгоняць партугальцаў.

Паводле прагнозаў аналітыкаў, тады ў Партугаліі даход на душу насельніцтва будзе складаць 30,134 тысяч даляраў, а ў Польшчы – 30,692 тысяч даляраў.