Палякі прымаюць уцекачоў з Украіны



Паляк Дарыюш Жукоўскі, які родам з Гарадка на Беласточчыне, а цяпер жыве пад Варшавай, прыняў у сябе нават пяцёх жанчын з Украіны.

Фота: minfin.com.ua

РР: Вы ўзялі да сябе, у свой дом уцекачоў з Украіны, так?

Дарыюш Жукоўскі: Так, цяпер яны ў мяне жывуць.

РР: А як яны да вас патрапілі?

Дарыюш Жукоўскі: Знаёмыя знаёмых запыталіся, ці ёсць у мяне матрац, каб іх пакласці. А я сказаў, што ў мяне пакой вялікі, нават два пакоі. Спачатку меліся быць дзве дзяўчыны, а пасля, як аказалася, ужо пяць.

РР: І зараз у вас пяць чалавек?

Дарыюш Жукоўскі: Так. Маці Аксана з дочкамі  – Вікторыя, 17 год, Златка, 5 год, маці Іна і 10-гадовая дачка таксама Іна. А іх бацькі засталіся там.

РР: Адкуль яны?

Дарыюш Жукоўскі: З вёскі каля Вінніцы.

РР: Раней вы з імі не былі знаёмыя?

Дарыюш Жукоўскі: Не, не былі. І яны першы раз у нас тут, у Польшчы.

РР: Якія ў іх былі першыя патрэбы і чаканні?

Дарыюш Жукоўскі: Па-першае, яны вельмі доўга ехалі. Па-другое, яны ўсё атрымалі на мяжы – ежу ды іншае. Калі яны прыехалі да мяне, папрасілі вады і цёплай  гарбаты. Гэта першае, а пасля памыцца і спаць. Тры рэчы – вада, гарбата і спаць.

РР: Ці распавядалі, што адбывалася там у іх, у Вінніцы, і ў дарозе?

Дарыюш Жукоўскі: Крыху распавядалі пра гэта, але самае галоўнае, што вельмі шмат людзей, дзяцей шмат. Гэта страшна, што столькі людзей ідзе, ідзе і ідзе на розныя памежныя пункты. Сотні тысяч.

РР: Ужо, напэўна, звыш мільёна ўцекачоў з Украіны. А як вашы знаёмыя і суседзі на гэта адрэагавалі?

Дарыюш Жукоўскі: У нас цяпер амаль усе дапамагаюць, прыносяць ежу, іншае, тэлефануюць, сам войт гміны таксама. У нас цяпер жывуць у розных месцах 300-400 людзей з Украіны. І нават тыя, якія раней не ведалі ні беларусаў, ні ўкраінцаў, цяпер узялі ўсіх. Гэта супер, што людзі бяруць людзей.

РР: Ці спадзяваліся вы, што такая будзе рэакцыя польскага грамадства?

Дарыюш Жукоўскі: Не спадзяваўся. Я знаю польскае грамадства крыху. Але не спадзяваўся, што так шмат будзе. Канешне, будзе, але не так шмат.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя