„Палякі ў Беларусі з канца ХІХ – пачатку ХХІ стагоддзя” – канферэнцыя ў Гародні (абноўлена)



  У Гародні сёння завяршаецца трэцяя беларуска-польская гістарычная канферэнцыя пад назвай «Палякі ў Беларусі з канца 19 – пачатку 21 стагоддзя».

Нас больш яднае, чым дзеліць, падсумоўвае дыскусіі Анжаліка Борыс – старшыня непрызнаванага Саюза палякаў у Беларусі – аднаго з арганізатараў гэтай канферэнцыі:

Канешне, розныя погляды, але важна, каб пункт гэты гістарычны ён не дзяліў, а яднаў. І каб было пэўнае разуменне гісторыі. Часамі розныя гістарычныя моманты, але няма якісьці такіх радыкальных падзелаў у кантэксце палякаў і беларусаў. Усё адно больш нас яднае, чым дзеліць, таму гэтая канферэнцыя была доказам гэтых момантаў.

Саюз палякаў адмыслова для канферэнцыі падрыхтаваў выставу «Dziadek w polskim mundurze» (Дзядуля ў польскім мундыры) аўтарства Анджэя Пісальніка і Інэсы Тодрык-Пісальнік, дадае Анжаліка Борыс:

– Мае калегі працавалі над падрыхтоўкай гэтай выставы пяць год, збіралі матэрыялы. Гэта ўшанаванне памяці людзей з розных гістарычных перыядаў, якія аддалі сваё жыццё абараняючы польскую зямлю, польскую культуру, польскую гісторыю. Гэта і паўстанне Стычнёвае, гэта і польска-бальшавіцкая вайна 1920 года, гэта і 1939 год. Гэта было такім важным элементам, падрыхтаваным саюзам палякаў.

Вядома, што ў некаторых удзельнікаў канферэнцыі з польскага боку пры праходжанні памежнага кантролю ўзніклі праблемы з дакументамі, але яны былі хутка вырашаныя беларускімі ўладамі. 

***

У Гародні праходзіць трэцяя беларуска-польская гістарычная канферэнцыя пад назвай «Палякі ў Беларусі з канца ХІХ – пачатку ХХІ стагоддзя».

Хочам развеяць міфы пра палякаў у Беларусі, – сказаў доктар Тадэвуш Гавін, гісторык і ганаровы старшыня Саюза палякаў Беларусі.

Сёння, 30 кастрычніка, апошні дзень навуковай канферэнцыі, якая пачалася ў панядзелак.

Самае галоўнае, што мы рэалізуем, палякі і беларусы пішуць агульную гісторыю польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, – падкрэсліў Гавін.

Арганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні, Цэнтр Усходняй Еўропы пры Варшаўскім універсітэце і непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў у Беларусі. У канферэнцыі прыняла ўдзел намеснік спікера польскага Сейма Малгажата Гасеўска. На канферэнцыю былі запрошаны і прадстаўнікі афіцыйнага беларускага боку.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя