Палятуха ўпершыню трапіла на відэа ў Беларусі



Следам за суслікам, калоніі якога летась былі знойдзеныя ў Беларусі дзякуючы ініцыятыве па пошуку супергрызуноў, знойдзены новыя месцы пражывання палятухі, паведамляе ГА „Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Сама пухнатая прыгажунька трапіла на відэа фотапастак, якія сябры АПБ паставілі ў паўночных беларускіх лясах.

У сярэдзіне снежня 2019 года АПБ зладзіла экспедыцыю ў Гарадоцкі лясгас, каб расказаць мясцовым леснікам пра асаблівасці жыцця рэдкага грызуна – палятухі – і разам з імі паставіць фотапасткі ў найбольш імаверных месцах пражывання гэтага звярка. І ён сапраўды трапіў у кадр!

Беларускія вучоныя і прыродаахоўнікі не бачылі палятуху пасля 1996 года, пакуль яе зноўку не знайшлі ў 2017 годзе актывісты АПБ Дзяніс Кіцель і Андрэй Абрамчук. Ужыўшы новую методыку, яны знайшлі некалькі ўчасткаў палятухі і ім цудам удалося сфатаграфаваць гэтага начнога звярка.

АПБ паставіла задачу знайсці максімальную колькасць участкаў палятухі і перадаць месцы іх пражывання пад ахову лясгасам. Экспедыцыі вясной 2019 года і наступныя былі праведзеныя ў Віцебскім, Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах у межах экалагічнай ініцыятывы “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

Фота Аляксандра Рубанькова

Палятухі – начныя асцярожныя звяркі, таму знайсці іх, а тым больш сфатаграфаваць, вельмі складана. З дапамогай фотапастак спецыялісты маюць больш магчымасцяў адшукаць новыя месцы іх пражывання.

Менавіта высечкі старых асінавых і яловых лясоў – галоўная пагроза для палятух. Увесну АПБ плануе новыя экспедыцыі ў патэнцыйныя месцы пражывання палятух. Трэба прыняць тэрміновыя меры для захавання невялічкай папуляцыі гэтага “чырвонакніжнага” звярка ў нашай краіне.