Памерла 29-гадовая рэжысёр Любоў Зямцова



Раніцай у рэанімацыі памерла рэжысёрка праекта „Невядомая Беларусь” Любоў Зямцова. Тыдзень таму каманда праекта трапіла ў аўтакатастрофу. Яны здымалі фільм пра валанцёраў, якія дапамагаюць дактарам змагацца з каранавірусам.

Любоў Зямцова — беларуская дакументалістка. Яна скончыла школу Waida School Doc Pro ў Варшаве. Яе фільмы ўдзельнічалі ў такіх кінафестывалях, як Astra Film Festival, Артдоксфэст, Watch Docs Belarus і іншых.

У апошні час Любоў Зямцова працавала над серыялам „Невядомая Беларусь” для тэлеканала „Настоящее время”.

14 мая па дарозе з Гомеля ў Менск у аварыю трапіла група дакументалістаў: загінулі рэжысёр Уладзімір Міхайлоўскі і мастак-гукарэжысёр Максім Гаўрыленка. Любоў Зямцова трапіла ў крытычным стане ў рэанімацыю. У Гомелі дакументалісты здымалі фільм пра тое, як валанцёры дапамагаюць медыкам у барацьбе з каранавірусам.

baj.by