Памерла брытанская даследніца беларускіх кітабаў Шырын Акінэр
6 красавіка ў Лондане памерла брытанская лінгвістка, даследніца славянскіх і цюркскіх моў і літаратур, эксперт па Цэнтральнай Азіі Шырын Акінэр.
Шырын Акінэр нарадзілася ў 1943 годзе ў горадзе Дака ў тагачаснай Брытанскай Індыі. Вучылася ў Лонданскім універсітэце, дзе вывучала славянскую філалогію і турэцкую мову і літаратуру. У 1980 годзе абараніла дактарат на тэму «Рэлігійная лексіка татарска-беларускага кітаба са збораў Брытанскай бібліятэкі».
Выкладала ў школе ўсходніх і афрыканскіх даследаванняў. У 2013 годзе была ўганараваная прэміяй імя Чынгіза Айтматава за шматгадовае вывучэнне рэгіёна.
З 1970-х гадоў Шырын Акінэр, працуючы над дактаратам, падтрымлівала цесныя кантакты з брытанскімі беларусамі, перадусім з Беларускай бібліятэкай імя Францішка Скарыны і яе кіраўніком айцом Аляксандрам Надсанам.
Шырын Акінэр належыць заслуга азнаямлення англамоўнага свету з духоўнай спадчынай беларускіх татараў — кітабамі (кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом). Яе працы публікаваліся ў выдаваным у Лондане навуковым часопісе «The Journal of Byelorussian Studies».
Апрача таго, яна даследавала творчасць беларускіх пісьменнікаў у Польшчы. У 1982 годзе ў Беластоку выйшла яе праца «Сучасныя беларускія пісьменнікі ў Польшчы», а ў 1984 годзе ў Лондане — кніга «Мініяцюры» Сакрата Яновіча па-беларуску і па-ангельску (у яе перакладзе і з яе прадмовай).
Пахаванне Шырын Акінэр адбудзецца ў Лондане 7 траўня.