Памерла Ганна Вольская
23 сакавіка ад анкалагічнай хваробы пайшла з жыцця сябра ГА “БАЖ” Ганна Вольская, жонка вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага.
Ганна Вольская нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года.
Скончыла Інстытут культуры. У 1995-1996 гадах працавала ў рэкламным аддзеле легендарнага “Радыё 101.2”, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. У шлюбе у іх нарадзілася дачка Адэля, якой сёння споўнілася 18 гадоў.
Ганна пэўны час была дырэктарам гурту N.R.M., з’яўлялася нязменным прадзюсарам музычнага праекта “Крамбамбуля” і сольных альбомаў Лявона Вольскага, выступала суаўтаркай сцэнару, прадзюсарам і нават акторкай у некалькіх праектах для тэлеканала “Белсат” (“Снежны завулак”, “Назад у будучыню”). Сябра ГА “БАЖ” з 2009 года.
Як паведаміла сяброўка сям’і Вольскіх Вольга Бабак, цела Ганны Вольскай сёння адвязуць у Свята-Елізавецінскі манастыр. Там заўтра, 24 сакавіка, адбудзецца рэлігійны абрад і грамадзянская паніхіда.
Адпяванне пройдзе з 9:45 да 10:45, грамадзянская паніхіда з 11:00 па 13:00. Пасля труну павязуць на пахаванне ў Заслаўе.
Манастыр знаходзіцца па адрасе вул. Выгоцкага, 6 (раён Навінак, побач з Даўгінаўскім трактам).