Памерла гісторык і краязнаўца Валянціна Лебедзева



Гомельская навуковая супольнасць і краязнаўцы смуткуюць з нагоды сыходу з жыцця вядомай даследчыцы Валянціны Лебедзевай.

Дзякуючы ёй у гістарыяграфію былі вернутыя імёны Палуты Бадуновай, Мітрафана Доўнара-Запольскага. А таксама адкрытыя невядомыя старонкі Гомеля і Гомельшчыны пачатку ХХ стагоддзя. Гісторык Яўген Меркіс узгадвае Валянціну Лебедзеву як выбітную даследчыцу і чалавека з добрай рэпутацыяй:

-У яе было вельмі файнае пачуццё гумару. Яна была вельмі аптымістычным чалавекам. І пры гэтым вельмі стрыманым. У плане навуковых даследаванняў яна вельмі шмат часу і высілкаў аддала, каб даследаваць беларускі нацыянальны рух. Яна вельмі шмат заўжды факусавалася на родным рэгіёне. Яна ўпершыню паказала, як БНР спрабавала замацавацца ў тым ліку і ў маім родным Гомелі, дзякуючы дзейнасці мясцовага прадстаўніка чыгункі Язэпа Няцецкага.

Кандыдат мастацтвазнаўства і гісторык Яўген Малікаў узгадвае пра Валянціну Лебедзеву як пра вельмі дасведчанага спецыяліста:

-Яна рабіла адлюстраванне тых гістарычных працэсаў, якія адбываліся ў Беларусі, ва  Усходняй Еўропе, у былой Расейскай імперыі і ў Савецкім Саюзе. Паказвала, як гэтыя падзеі адлюстроўваліся ў Гомелі. І ў гэтым яе вялікая заслуга, бо акрамя яе ў нас такіх спецыялістаў, настолькі глыбока дасведчаных, няшмат.

Валянціна Лебедзева памерла на 67-м годзе жыцця ад цяжкай хваробы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: скрыншот з відэа