Алена Сцяпанава: Нітачка паміж Васілём і намі абарвалася



Валянціну Быкаву пахаваюць на могілках у вёсцы Ваўчо Ушацкага раёна.

Валянцін Быкаў

Развітанне пройдзе ў яе роднай хаце, паведаміла віцебская журналістка Алена Сцяпанава.

Сястра Васіля Быкава памерла ўчора раніцай у Віцебскай абласной бальніцы. 27 траўня на жанчыну напалі ў хаце, з пашкоджаннямі яна трапіла ў лякарню. Знаходзілася ў рэанімацыі.

Пайшла з жыцця захавальніца спадчыны Васіля Быкава, узгадвае Алена Сцяпанава:

– Валянціна Уладзіміраўна ніколі не адмаўлялася пагаварыць пра брата, у яе сапраўды да старасці захаваўся светлы, ясны розум. Яна вельмі шмат распавядала пра дзяцінства, пра тое, як Васіль Быкаў пісаў лісты з вайны, як сям’я яго чакала. У яе гэтыя ўспаміны вельмі жывыя, яна даражыла гэтымі ўспамінамі, яна сапраўды была такая захавальніца жывой памяці пра брата. Вельмі шкада, такая нітачка паміж Васілём і намі абарвалася.

Валянціна Быкава не дажыла тры дні да свайго 90-годдзя. Рыхтаваліся да свята, а спаткала нас бяда, заўжавае віцебская журналістка Алена Сцяпанава.

Паводле сваякоў, пахаванне адбудзецца пасля 12-й гадзіны беларускага часу.

* * *

Каля 8-й раніцы 4 ліпеня ў рэанімацыйным аддзяленні Віцебскага абласнога шпіталя пайшла з жыцця сястра славутага літаратара Васіля Быкава.

Яна трапіла у Віцебск 30-га траўня, пасля таго, як некалькі дзён знаходзілася ў Вушацкім раённым шпіталі. 27-га траўня на Валянціну Быкаву ў хаце напаў невядомы, жанчына звярнулася па дапамогу да лекараў. У віцебскім шпіталі да Валянціны Быкавай да апошняга моманту нікога не пускалі. Узгадвае журналіст Глеб Лабадзенка:

– Спачатку яна была ў вушацкай лякарні, там у нас была з ёй хоць нейкая сувязь, бо яе суседка працуе ў той лякарні, прынамсі яна магла даць нам нейкую інфармацыю, як яе справы. Потым яе вырашылі перавезці ў Віцебск, там усё стала ўвогуле сумна. Адзін раз да яе прарвалася нашая калега журналістка Алена Сцяпанава і сказала, што Валянціна Уладзіміраўна найбольш у роспачы таму, што да яе нікога не пускаюць, у яе проста адчуванне, што яна нікому не трэба, што пра яе ўсе забыліся.

„Да свайго юбілею Валянціна Быкава не дажыла ўсяго тры дні”, – заўважае віцебская журналістка Алена Сцяпанава, якая рыхтавалася павіншаваць яе з днём народзінаў:

– Усё думала якім чынам у гэты шпіталь можна трапіць: хітрасцю, мудрасцю, просьбамі, слязамі. Хаця ўжо ўсё гэта было – і слёзы, і просьбы. 7 ліпеня спадарыні Валянціне мусіла споўніцца 90 гадоў, я вельмі хацела яе павіншаваць. Я сабе ўяўляла, што зраблю паштоўку, у яе кепскі зрок, я зраблю паштоўку, дзе лічба 90 будзе вялікая, каб яна змагла яе разгледзець, куплю кветкі, можа мы пойдзем з кімсьці яшчэ, а не адна я. Так прыкра адчуваць, што ніякага свята, а замест свята гора.

Дата і месца пахавання Валянціны Быкавай пакуль невядомыя. Паводле Глеба Лабадзенкі, хутчэй за усё яе пахаваюць у Бычках. Да справы далучаецца Ушацкі раённы выканаўчы камітэт.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя