Памерла вядомая змагарка за незалежнасць Надзея Дземідовіч
Памерла былая палітзняволеная, удзельніца руху за незалежнасць Беларусі Надзея Дземідовіч. Ёй было 93 гады. Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміла Настасся Азарка.
Надзея Дземідовіч нарадзілася на хутары Макейкі на Слонімшчыне ў 1927 годзе. Пасля вяртання бацькі з ЗША сям’я набыла хутар каля вёскі Дзявяткавічы. Бацькі выхоўвалі дзяцей па-беларуску насуперак польскай прапагандзе.
З маладых гадоў Надзея брала ўдзел у нацыянальным руху, вучылася ў Слонімскай беларускай гімназіі. З 1944 да 1949 года жыла пад чужымі дакументамі, хаваючыся ад арышту. Арыштавалі яе ў Казахстане, дзе яна працавала на хлебакамбінаце. За адзін год свайго ўдзелу ў Саюзе беларускай моладзі Надзею засудзілі да 25 гадоў лагераў.
У ГУЛАГу яна правяла сем гадоў, удзельнічала ў Кенгірскім паўстанні вязняў. Вызваленая як цяжкахворая ў 1956 годзе, вярнулася ў Слонімскі раён, дзе працавала на гаспадарцы. Пасля працавала на менскім заводзе «Гарызонт». Хоць ад 1980 года была інвалідам I групы, яна актыўна ўдзельнічала ў барацьбе за незалежнасць. Да самых апошніх гадоў на Дзяды яна хадзіла ў першым шэрагу шэсцяў у Курапаты. У 2019 годзе Рада БНР уручыла Надзеі Дземідовіч Медаль да стагоддзя БНР.