Памежная служба Украіны просіць устрымацца ад наведвання Крыма
Дзяржаўная памежная служба Украіны апублікавала афіцыйную заяву, у якой просіць грамадзянаў Украіны, і замежных турыстаў устрымацца ад наведвання Крыма без пільнай на то патрэбы.
Яшчэ 10 жніўня расейская ФСБ заявіла, што ў Крыме нібыта прадухіленыя дваццаць тэрарыстычных актаў, якія рыхтавала Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны. Таксама украінскі бок абвінавацілі ў масіраваных абстрэлах. Расейскі прэзідэнт Пуцін на афіцыйным роўні абвінаваціў Украіну ў тэрарызме.
Праца памежных пераходаў на мяжы з анексаваным паўвостравам на некаторы час была спыненая, у памежнай зоне з расейскага боку з’явіліся вайскоўцы, бронетэхніка і верталёты. Працягваецца перадыслакацыя расейскіх вайскоўцаў на паўвостраў, найперш – з Паўночна-Каўказскай вайсковай акругі.
Усё гэта, на думку прадстаўнікоў Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, моцна абвастрыла сітуацыю на адміністрацыйнай мяжы з анексаваным Крымам.
Нагадаем, што Крым быў анексаваны Расейскай Федэрацыяй у 2014 годзе. Міжнародная супольнасць не вызнае далучэнне паўвострава да Расеі, у сувязі з чым супраць Масквы былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя