Памежнікі выявілі буйную партыю насваю
Буйную партыю насваю выявілі беларускія памежнікі ў Мазыры (Гомельская вобласць).
Як паведаміў БелПАН афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі, 8 лютага супрацоўнікі аператыўнага падраздзялення органаў пагранслужбы спынілі распаўсюджванне буйной партыі некурыльнага тытуню. У выніку правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у Мазыры быў затрыманы 27-гадовы грамадзянін Беларусі. Падчас агляду яго металічнага кантэйнера, размешчанага паблізу ракі Прыпяць, праваахоўнікі знайшлі 290 кг насваю. Гэта партыя некурыльнага тытуню была расфасаваная ў 29 мяшкоў.
Устаноўлена, што рэчыва набывалася ў Расіі і незаконна ўвозілася на беларускую тэрыторыю.
Як адзначаюць у Дзяржпагранкамітэце, тры месяцы таму — у канцы 2017 года — малады чалавек ужо затрымліваўся памежнікамі ў Добрушскім раёне, за 12 кіламетраў ад беларуска-расійскай мяжы. Тады ён спрабаваў правезці ў рэйсавым аўтобусе Масква — Мазыр 120 кг некурыльнага тытуню.
Грамадзянін Беларусі перададзены супрацоўнікам Мазырскага РАУС для далейшага разбору.
belapan.by