Памежнікі затрымалі дайвера-кантрабандыста



23-га жніўня гарадзенскія памежнікі спынілі чарговую спробу незаконнага парушэння беларуска-літоўскай мяжы і перамяшчэння таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў.

Пошукавай групай з службовым сабакам ў 600 метрах ад берагавой водмелі быў затрыманы жыхар Гародні з торбай, у якой знаходзіўся касцюм для падводнага плавання. Таксама паблізу месца затрымання выяўлены шэсць герметычна ўпакаваных заплечнікаў з тытунёвымі вырабамі беларускай вытворчасці, падрыхтаваных да перапраўкі праз рачны ўчастак мяжы. Незаконная партыя склала 6 тысяч штук цыгарэт.

Пры затрыманні мужчына спрабаваў схавацца ад праваахоўнікаў. Падчас пераследу памежнікам для затрымання зламысніка давялося ўжыць табельную зброю: былі зроблены папераджальныя стрэлы ў паветра.

У дачыненні да беларуса пачаты адміністрацыйны працэс па ст.23.29 і ст.23.30 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы і парушэнне памежнага рэжыму). Максімальныя санкцыі артыкулаў прадугледжваюць штраф у памеры да ста базавых велічынь.

gpk.gov.by