Памежнікі затрымалі сям’ю нелегалаў з Манголіі



Муж і жонка з Манголіі спрабавалі незаконна перасячы беларуска-польскую мяжу ў Берасцейскім раёне.

Як паведамляе Берасцейская пагранічная група, 24 верасня гэтых двух грамадзян Манголіі затрымалі вайскоўцы пагранічнай заставы „Церабунь”. Сямейная пара, абыходзячы населеныя пункты бокам, накіроўвалася да мяжы.

Паводле слоў мужчыны, ён быў на дзяржаўнай службе і пры гэтым займаўся супрацьпраўнай дзейнасцю ва Улан-Батары. Пасля таго як пра гэта стала вядома праваахоўным органам, чыноўнік вырашыў разам з жонкай схавацца ў сваякоў, якія пражываюць у Германіі.

Парушальнікі змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання Берасцейскай пагранічнай групы. У дачыненні да іх распачаты адміністрацыйны працэс па артыкулах 23.29 (незаконнае перасячэнне мяжы) і 23.30 (парушэнне памежнага рэжыму) КоАП.

Нелегалаў чакае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь тэрмінам да пяці гадоў.

belapan.by