Памідораў пайшоў працаваць на «кісялёўскі» Sputnik
Аляксандар Крывашэеў, больш вядомы як Аляксандар Памідораў, пачаў працаваць на радыё «Sputnik Беларусь», адным з адгалінаванняў міжнароднага праекту Sputnik крамлёўскага прапагандыста Дзмітрыя Кісялёва.
Як распавёў Памідораў „Свабодзе„, ён будзе весці на радыё шэраг перадач супольна з кіраўніком дзяржаўнага ансамбля «Песняры» Вячаславам Шарапавым.
«А што тут такога? — пытае Памідораў журналіста ў адказ на просьбу пацвердзіць ці абвергнуць навіну. — Нікому не прыгадзіўся, а ім прыгадзіўся, дык што?
У мяне ёсць свае ўласныя меркаваньні, безумоўна, свае ўласныя погляды. Але ўласныя погляды не маюць ніякага дачынення да працоўнага месца. Гэта стары журналісцкі закон. А рэдакцыя цалкам беларуская. Калі вы ўважлівыя, можаце паглядзець беларускамоўную вэрсію рэсурсу „Sputnik Беларусь“. Я стаўлюся да гэтага як да працы на вяшчанне».
На сёння беларускае аддзяленне Sputnik, адкрытае пры ўдзеле беларускіх уладаў, не было заўважанае за адкрытай антыбеларускай ці прарасейскай прапагандай. А што будзе рабіць Памідораў, калі беларускі Sputnik пачне антыбеларускую прапаганду, калі раптам зявяцца публікацыі супраць незалежнасці Беларусі?
«Я лічу, што цяпер вы вельмі некарэктна ставіце пытанні, — адказвае Памідораў. — Вы спрабуеце разважаць ва ўмоўным ладзе, а так, я лічу, разважаць немагчыма. Рэдакцыя „Sputnik Беларусь“ цалкам беларуская, і я не магу адказваць за ўсю рэдакцыю, бо я займаюся сектарам, які ўмоўна пакуль завецца радыё. І мы займаемся радыё, тым, што адбываецца ў нас у Беларусі, і ўсе тэмы, якія мы бярэм, тычацца толькі Беларусі».
Аляксандар Крывашэеў — журналіст, радыёвядоўца, шоўмэн і музыка. Пад псеўданімам Аляксандар Памідораў выступае ў складзе беларускамоўнага рок-гурту Pomidor/OFF, таксама ладзіць выступы з акустычным расейскамоўным праектам «Пьяные гости». Браў удзел у музычных праектах «Народны альбом», «Святы вечар», «Я нарадзіўся тут» і іншых. Ад снежня 2006 года да верасня 2008 года вёў праграму «Гукапіс» на Радыё Свабода.