Памочнік прэзідэнта паабяцаў разабрацца ў справе будаўніцтва завода пад Берасцем



Праціўнікі будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода сустрэліся 5 сакавіка з памочнікам прэзідэнта — галоўным інспектарам па Берасцейскай вобласці Васілём Герасімавым, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.

Герасімаў у Драгічынскім райвыканкаме праводзіў прыём грамадзян, на які запісаліся актывісты Зміцер Бекалюк і Аляксандр Кабанаў.

Падчас сустрэчы Бекалюк і Кабанаў прадставілі новыя факты пра завод. У прыватнасці, паводле іх слоў, кіраўніцтва прадпрыемства спрабуе схаваць ад грамадскасці, што там будзе арганізаваная ліцейная вытворчасць з аб’ёмам больш за 13 тысяч тон свінцу і яго сплаваў штогод.

Акрамя таго, актывісты звярнулі ўвагу памочніка прэзідэнта на тое, што тэхналогія, якая будзе прымяняцца на акумулятарным заводзе, не інавацыйная, як заяўляе кіраўніцтва прадпрыемства, а састарэлая: з 1990-х гадоў (напрыклад, як на пабудаваным у 2004 годзе прадпрыемстве „Веста-Днепр” ва ўкраінскім Дняпры).

Пры гэтым тэхналогія ачысткі ў частцы ліцейнага вытворчасці на заводзе, які будуецца, не распрацаваная і нідзе не паказаная: ні ў АУНА (дакумент аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе), ні ў праектнай дакументацыі, ні ў тэхнічных пашпартах. Сістэмы аспірацыі (выдаленне пылу і газу з рабочай зоны з дапамогай паветра) і фільтрацыі менавіта ліцейнага ўчастка завода ніяк не прапрацаваныя, і незразумела, як сістэмы ачысткі будуць улоўліваць высокатэмпературныя аэразольныя выкіды свінцу (пару).

На сустрэчы актывісты таксама праінфармавалі памочніка прэзідэнта, што прадпрыемства падае кантралюючым органам часам няпэўную і скажоную інфармацыю адносна выбуховай небяспечнасці аб’екта.

„Памочнік прэзідэнта паведаміў актывістам, што плануецца стварэнне камісіі, якая будзе разбірацца з усімі фактамі, паднятымі ў сувязі з будаўніцтвам гэтага акумулятарнага завода, — сказаў праваабаронца. — Усё больш людзей выступаюць супраць гэтага прадпрыемства, тым больш што кожны дзень з’яўляецца новая непрывабная інфармацыя пра яго„.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасцейскага раёна і Берасця лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Было сабрана амаль 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва, якія былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта 22 лютага.

27 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Берасця пачаўся разгляд іску групы грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр„.

БелаПАН