Адпачынак па доглядзе дзіцяці могуць скараціць
Адпачынак па доглядзе дзіця, працягласць якога у Беларусі складае тры гады, можна скараціць да двух гадоў, лічыць памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды.
„Адпачынак па доглядзе дзіця ў Беларусі з’яўляецца адным з найбольш працяглых — тры гады, у Расеі — паўтара года, у Казахстане — адзін год. Эфект ад працяглага адпачынку па доглядзе дзіця неадназначны”, — піша Руды ў артыкуле, апублікаваным у апошнім выпуску „Белорусского экономического журнала”.
У ліку плюсоў працяглага адпачынку памочнік прэзідэнта называе паляпшэнне здароўя маці і дзіцяці, стварэнне ўмоў для паспяховага груднога гадавання. „Пры гэтым большасць жанчын на працягу чатырох-шасці тыдняў аднаўляюцца пасля родаў, калі няма ўскладненняў. Таму многія еўрапейскія краіны даюць адпачынак, які аплачваецца, менавіта на гэты перыяд”, — канстатуе Руды.
На яго думку, працяглы адпачынак па доглядзе дзіця мае шэраг мінусаў — адмоўна ўплывае на колькасць працоўнай сілы, валавы ўнутраны прадукт і стварае „дадатковыя стымулы да дыскрымінацыі на рынку працы”. „Гэта перашкаджае назапашванню вопыту і вядзе да больш нізкіх заробкаў для жанчын. У цэлым, на прыкладзе АЭСР даказана, што адпачынак па доглядзе дзіця да аднаго года неабходны для паспяховага развіцця дзіця і забяспечвае здароўе маці, а адпачынак звыш двух гадоў не мае пэўных пераваг для здароўя і развіцця”, — падкрэслівае Руды.
Ён лічыць, што апошнія звесткі паказваюць на аб’ектыўную магчымасць скараціць у Беларусі адпачынак па доглядзе дзіця да двух гадоў. „Па-першае, грудное гадаванне. Для груднога гадавання аптымальным з’яўляецца тэрмін адпачынку два гады. У Беларусі 19% дзяцей ва ўзросце да шасці месяцаў былі выключна на грудным гадаванні, а 41,4% — пераважна на грудным. У сярэднім па рэспубліцы працягвалі знаходзіцца на грудным гадаванні 27,9% дзяцей ва ўзросце 12—15 месяцаў і 11,5% ва ўзросце 20—23 месяцаў”, — канстатуе Руды.
Паводле афіцыйных звестак, адзначае ён, 66,1% беларускіх дзяцей ва ўзросце да шасці месяцаў і 66,5% ва ўзросце да 23 месяцаў знаходзіліся на штучным гадаванні.
Яшчэ адзін фактар, які гаворыць на карысць магчымасці скарачэння адпачынку па доглядзе дзіця, — гэта датэрміновы выхад жанчын на працу. „Для забеспячэння больш высокага даходу беларускія жанчыны часам датэрмінова выходзяць з адпачынку па доглядзе дзіця”, — адзначае Руды.
Ён звяртае ўвагу на тое, што калі ў сярэднім у апошнія гады ў Беларусі налічвалася прыкладна 110 тысяч родаў за год, то колькасць тых, хто датэрмінова выйшаў з дэкрэтнага адпачынку, — 14 тысяч (10-13%).
„Такім чынам, трохгадовы дэкрэтны адпачынак паўнавартасна выконвае сваю функцыю толькі ў першыя два гады. Дадатковы год з’яўляецца, хутчэй, вынікам недахопу дашкольнай інфраструктуры, звычкі, іншых прычын, наўпрост не звязаных з доглядам дзіця”, — піша Руды.
Скарачэнне дэкрэтнага адпачынку на год можа забяспечыць рост эканомікі на 2,3%, адзначаецца ў артыкуле.
БелаПАН
