Памянулі Міхала Валовіча пад бел-чырвона-белымі сцягамі
Сёлета 18 чэрвеня спаўняецца 213 гадоў з дня нараджэння беларускага нацыянальнага героя, удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў Міхала Валовіча, які па загаду гарадзенскага губернатара генерал-маёра Мураўёва быў схоплены і павешаны 2 жніўня 1833 года ў Гародні каля Скідзельскай заставы.
У нядзелю, 16 чэрвеня, слонімцы, а таксама госці з іншых рэгіёнаў Беларусі, наведалі вёску Парэчча Слонімскага раёна, дзе каля вясковых могілкаў знаходзіцца мемарыяльны знак, прысвечаны Міхалу Валовічу і яго паплечнікам, якія загінулі за незалежную Беларусь у барацьбе з Расейскай імперыяй.
Кіраўнік Слонімскай арганізацыі БХД Іван Бедка згадаў пра Міхала Валовіча і яго сяброў. У прыватнасці ён расказаў пра пачатак паўстання на Беларусі, спыніўся на біяграфічных звестках пра Міхала Валовіча.
Палітык з Менску Вячаслаў Сіўчык і сустаршыня руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая адзначылі тое, што сёння, як ніколі, трэба ўшаноўваць нашых знакамітых людзей, якія змагаліся за незалежнасць Айчыны. Госці таксама падзякавалі слонімцам за памяць пра Міхала Валовіча.
Нагадаем, што Міхал Валовіч нарадзіўся ў маёнтку Парэчча на Слонімшчыне ў сям’і слонімскага падкаморнага са старадаўняга беларускага шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Віленскі універсітэт, быў блізкі да тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Міхал Валовіч прымаў удзел у паўстанні 1830-1831 гадоў. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Францыю. Праз два гады зноў вярнуўся на Беларусь з мэтай узняць паўстанне супраць рускага царызму і абавясціць Беларусь дэмакратычнай рэспублікай.
У 1833 годзе ён арганізаваў на Слонімшчыне паўстанцкі атрад з некалькі дзесяткаў чалавек. Супраць яго Мураўёў-вешальнік кінуў 10 тысяч расейскіх салдат. У траўні атрад Валовіча быў разбіты, а кіраўнік арыштаваны. Яго прывезлі ў Гародню і першы допыт вёў сам Мураўёў, які чакаў ад Валовіча сенсацыйных звестак пра свой атрад. Але гэтага не адбылося. Змагар за нашу Бацькаўшчыну быў пакараны.
Праз трыццаць гадоў тым жа Мураўёвым і ў такім жа 26-гадовым узросце , але не ў Гародні, а ў Вільні быў павешаны Кастусь Каліноўскі, прадаўжальнік справы Валовіча і кіраўнік нацыянальна-вызвольнага руху беларускага народа супраць раснйскага зняволення.
Падчас ушанавання да мемарыяльнага знаку былі ўскладзены кветкі і запалены знічы.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён Фота аўтара