Памяць беларусаў, або гісторыя двух помнікаў



У Лідзе, з цэнтральнай плошчы горада прыбралі помнік Леніну.

Гліняны ўнутры, ён раскалоўся на тры часткі пасля таго, як падчас рамонту  бруку на плошчы, яго прыўзнялі кранам. У сувязі з гэтым, улады вырашылі перанесці яго ў іншае месца.

DSCF1512

А параўнальна нядаўна, ў філіяле гарадской бібліятэкі, быў усталяваны гіпсавы бюст Ларысы Геніюш.

DSCF1218

Лідчукі па-рознаму разумеюць, які помнік для іх важнейшы.

Супраціў перанясенню помніка Леніну ўзначальвала лідар былых камуністаў з ПКБ, спадарыня Яніна Гузоўская, цяпер каардынатар руху “Гавары праўду”.

IMG_0667

Яніна Гузоўская

 Яніна Гузоўская:  Лідскія ўлады паставілі помнік ў няўтульным месцы, збоку. І, калі спытаць школьнікаў, яны не ведаюць, хто такі Ленін… Кожны ўладар лічыць, што гісторыя пачынаецца з яго, а да яго нічога не было. Ахова помнікаў – адна з частак таго, як мы шануем сваю гісторыю. Калі вы паглядзіце на наш помнік, бачна, што ён ня ў добрым стане – ёсць расколіны, некаторыя часткі адбітыя.

РР: Спадарыня Яніна, для вас і вашых паплечнікаў Ленін і цяпер “жывей за ўсіх жывых”?

Яніна Гузоўская: Напэўна, бо Ленін арганізаваў першую ў свеце дзяржаву працоўных і сялян. 70 гадоў наша краіна хадзіла пад сцягам Леніна. Гэта чалавек, якога прызнаюць ва ўсім свеце.Таму, я лічу, помнікі яму трэба захоўваць у нашай дзяржаве!

РР: За савецкім часам часы творцаў прымушалі пісаць вершы і маляваць карціны на тэму “Ленін думае пра Беларусь”…

Яніна Гузоўская: Я думаю, творы, напісаныя на заказ – гэта не вельмі добра, і не падтрымліваю такіх заказаў. Але што было, тое было – мушу гэта прызнаць. Творы павінны рабіцца ад усяго сэрца, як падказвае душа…

А вось як глядзіць на сітуацыю кіраўнік лідскай філіі Партыі БНФ Уладзімір Круцікаў:

DSCF1101

Уладзімір Круцікаў

Уладзімір Круцікаў: Калі пераносілі помнік, камуністы лямантавалі тут: ставілі свечкі, галасілі па заўчасна забітым Леніне. Тады, партыя БНФ прапанавала на другім канцы плошчы паставіць новы помнік – вазок, пакрыты хусцінай, з якога б тырчалі ногі забітых вязняў ГУЛАГа. Хай кожны б прыносіў кветкі паводле сваіх перакананняў…

 Сяргей Сідарэнка, «Моладзь БНФ».

DSCF1222

Наша ўлада наставіла помнікаў Леніна, але, прыйшоў час, і ў Лідзе ён ляснуўся. Цяпер усталявалі бюст вялікай паэтэсе. І гэта значыць, што ёсць больш моцныя сілы, якія кіруюць гісторыяй. Помнікі Ларысе Геніюш і ёсць праява новага часу і новай Беларусі…

Рэдактар газеты ТБМ «Наша слова», што выдаецца ў Лідзе, Стась Суднік:

lida-11

Стась Суднік

— Мы Ларысу Геніюш ведаем, любім, ездзім на ўсе імпрэзы, прысвечаныя ёй. Яна беларуская паэтка, патрыётка, а мы дзеці Беларусі. Ларыса Геніюш – гэта вера ў Беларусь…

Адмысловым рэферы ў завочнай дыскусіі стаў палітычна нейтральны, вядомы на Гарадзеншчыне гісторык ды краязнаўца, які доўгі час рэдагаваў незалежны часопіс «Лідзкі летапісец», спадар Валеры Сліўкін:

baranavicy_0001

Валеры Сліўкін

— Яны ў розныя часы ды ў розных сферах існавалі. Розных поглядаў, адукацыі, нацыянальнасці. «Стваральнік першай у сусветнай гісторыі сацыялістычнай дзяржавы» непасрэдна спрычыніўся да знішчэння БНР, а Ларыса Геніюш была Генеральным сакратаром Ураду БНР на эміграцыі, захавала архіў і апекавалася палітычнымі ўцекачамі ды ваеннапалоннымі. Параўноўваць іх, у пэўным сэнсе метафізіка, як ты слушна заўважыў…

РР: Леніна настойліва рабілі кумірам пакаленняў савецкіх людзей. Трагічны лёс Ларысы Геніюш толькі прабіваецца скрозь траву забыцця…

 Валеры Сліўкін: Ну так. Зрэшты, Ленін на словах хацеў, лепшага – «мір народам, зямля сялянам». Ідэалогія суперправаслаўная: усе будуць добра жыць, настане залаты час камунізму. Таму і ставілі яму помнікі, пакуль не высветлілася, што гэта тупіковы шлях. А пасля 1915 года нашы кідалі нажытае ў Краснаярскім краі, куды дэрпартаваліся ў час Першай сусветнай і вярталіся з Расеі ў тую ж Ліду. Зноў жа, што іх вярнула? Ленін і голад. Было што параўноўваць, пажыўшы пры капіталізме ды сацыялізме. Як толькі з’яўлялася магчымасць з’ехаць, выязджалі. Пасля паўгорада з’ехала ў Польшчу. У 1945-1956 гадах былі яшчэ «польскія» хвалі ад’ездаў.

РР: Тут мушу нагадаць, што 6 канферэнцыя РСДРП 30 снежня 1918 года абвясціла сабе 1 з’ездам КПБ і парламэнтам Беларусі, давала толькі перспектывы нацыянальна-культурнай аўтаноміі, але не суверэнітэту, на які працавала БНР. Зноў-такі, Беларуска-Літоўская ССР, створаная па ініцыятыве Леніна, каб «прадухіліць удар міжнароднага імперыялізму па РСФСР», адабрала ў Беларусі і Магілёўшчыну, і Віцебшчыну

Валеры Сліўкін: Ніхто табе не пярэчыць, што гэта быў маскоўскі кіраўнік, які вырашаў, у першую чаргу, маскоўскія праблемы. Трэба яму была буферная зона, ён з нас яе і зрабіў. Так, Ленін ані наш чалавек, ані беларус, — нічога добрага для нас не зрабіў. Больш таго, абрынуў нас у вайну 1919-1920 гадоў. Кувалдай тут прайшла Чырвоная Армія туды і назад. Ленін для нас, як Сувораў, Напалеон, што пракаціліся па беларускіх лёсах. Я думаю, з цягам часу сыдуць, бо гэта не наша гісторыя і не наша будучыня. Але галоўнае ў гэтай “пяцігодцы” – стварэнне БНР! Народ, які ўдыхнуў паветра Волі, заўсёды будзе імкнуцца да сваёй дзяржавы, да сваёй кватэры…

 РР: А Геніюш?

Валеры Сліўкін: Ларыса Геніюш – абсалютна іншая сфера тонкай, глыбока нацыянальнай паэзіі. У яе лёс, які патэнцыйна быў сфармаваны для яе паслядоўнікамі Леніна. Яны стварылі грамадства, у якім такім паэтам, як Геніюш, не было месца – яны павінны былі памерці! Бо яны не падпарадкоўваліся законам, якія тыя стваралі. Цяпер ягоныя помнікі ўбіраюць, а яе ставяць. Што тычыцца Геніюш, гэта крыху ікона цяпер, тое, што нас павінна рухаць наперад. Увогуле, у Беларусі жанчына заўжды грала асаблівую ролю, пачынаючы з 14-15 стагоддзяў, з Соф’і Гальшанскай, Эміліі Плятэр. Ларыса Геніюш у гэтым шэрагу жанчын выключных. Міфалагічная дасканаласць – з яе чэснасцю, прыстойнасцю, — тое, што трэба цяпер і ў эканоміцы, усюды! Гэта не толькі вобраз жанчыны-паэткі, а абсалютна ўстойлівай, надзейнай, на якую, ты ведаеш, заўжды можна абаперціся і не праляціш. Я шаную яе вершы. Яна для мяне — стоўп чысціні, праўды і ўстойлівасці жыцця… 

Сёння бюст Ларысы Геніюш ды помнік Леніну – у Лідзе геаграфічна не перасякаюцца. А лідчукі па-рознаму ўсведамляюць ролю гістарычных для горада постацяў.

А хто і як застанецца ў гісторыі  — вырашыць час.

 

DSCF1234

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара