Памяць пра беларусаў з арміі генерала Андэрса
“Беларускія крэсы багатыя на нацыянальную свядомасць, самабытнасць, таму трэба ўшаноўваць памяць тых часоў, якія ўяўляюць гонар нашай гісторыі”, – сказаў мастак Алесь Цыркуноў на пасяджэнні суполкі Таварыства беларускай мовы ў Паставах. Ён заклікаў грамадскую супольнасць знайсці звесткі пра загінулых беларусаў у час Другой сусветнай вайны ў бітве пад Монтэ-Касіна, што ў Італіі.
Паводле мастака, у гэтай бітве ўдзельнічала ў складзе польскага войска шмат людзей з Заходняй Беларусі, у тым ліку з Паставаў і Глыбокага:
– Гэта было польскае войска, але ў ім было некалькі вайсковых частак, якія складаліся выключна з беларусаў. Адна з іх так і называлася – «Зубры». Яны былі кінуты на прарыў. Задача была выканана, але загінула шмат нашых людзей. Натуральна, мы павінны і памяць сваю мець, і ўшаноўваць нейкім чынам.
Бітва пад Монтэ-Касіна вядомая таксама як бітва за Рым. Другі польскі корпус пад камандваннем генерала Уладзіслава Андэрса ў 1944 годзе прарваў нямецкія ўмацаванні, празваныя «Лінія Густава». У складзе корпуса было 30% беларусаў. Пад Монтэ-Касіна загінула больш за 200 беларусаў, на Радзіму вярнулася каля тысячы, якіх пазней рэпрэсавалі.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтаркі