Памяці Алеся Чаркашына



Каля 20-ці чалавек узялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 35-годдзю Алеся Чаркашына. Паніхіда і прэзентацыя кнігі “100 асобаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, адным з герояў якой і з’яўляецца загінулы добраахвотнік, прайшлі ў душпастарскім цэнтры грэка-католікаў Берасця.

Словы падзякі тым, хто сабраўся, выказаў бацька Алеся – Мікалай Чаркашын:

– Хачу падзякаваць айца Ігара за гасціннасць. Нам вельмі прыемна ведаць, што людзі памятаюць Алеся. Вялікі вам дзякуй ад усёй душы.

Алесь Чаркашын быў байцом Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса Правага Сектара, які змагаўся супраць прарасейскіх баевікоў у зоне АТА на ўсходзе Украіны. Два гады таму ў баі пад вёскай Белакаменка, што на Данбасе, ён быў цяжка паранены. І неўзабаве памёр у запарожскім шпіталі. Пахаваны добраахвотнік на радзіме – пад Берасцем.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара