Памяці ксяндза Адама Фалькоўскага



Роўна 10 год таму актывісты тагачаснага “БНФ “Адраджэнне”, ТБМ ды Таварыства польскай культуры ў Лідзе зрабілі першую спробу ўсталяваць памятны крыж на месцы расстрэлу ксяндза Адама Фалькоўскага. Ён напярэдадні паўстання Кастуся Каліноўскага служыў у храме, што ў мястэчку Ішчална, цяпер Шчучынскага раёна. З амвона зачытваў адозвы касінераў, заклікаў “бараніць Айчыну ад іншаземных захопнікаў”. За што па даносу быў расстраляны расейскімі ўладамі.

IMG_0210

10 год таму ўжо ад лукашэнкаўскай улады пацярпелі і апазіцыйныя актывісты. Успамінае сябар Партыі БНФ Міхась Бурачэўскі (на фота):

– Агульнымі намаганнямі вырашылі аднавіць магілу. Улады дазволу не далі. Першы крыж паставілі 10 год таму такім жа, як сёння, ніцым ранкам. Яго знеслі  ўначы. У 96 паставілі яшчэ большы крыж. Такі ж вынік. І ў 97 вырашылі кінуць адкрыты выклік уладам. Ксёндз Юзэф асвяціў крыж у капліцы на Тухачэўскага, паблізу былой трагедыі. І з гэтым крыжам прайшлі праз увесь горад. Бабулькі спявалі “ружанец”. Пасля гэтага нас тут жа арыштавалі і пасля аштрафавалі кожнага на вялікую па тых часах суму – 300 даляраў. Сёння варта назваць імёны тых, хто не збаяўся змагацца за аднаўленне імя нацыянальнага героя Лідчыны і Беларусі. Акрамя мяне, крыж неслі і пацярпелі Віктар Аўгустын, Станіслаў Суднік, Антон Пігулеўскі ды памерлы ўжо Уладзімір Хрышчановіч.

Але сённяшняе афіцыйнае прызнанне Адама Фалькоўскага лічым сваёй сапраўднай перамогай.

IMG_0718

Цяпер на месцы расстрэлу ксяндза Фалькоўскага афіцыйна ўсталяваная памятная дошка-помнік. Вакол не знікаюць кветкі з бел-чырвона-белымі стужкамі. Яго называюць нацыянальным героем Лідчыны і Беларусі. Актывісты збіраюцца зарэгістраваць месца ў дзяржрэестры, як гісторыка-культурную каштоўнасць.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара