Памяці Віктара Сырыцы
Віктару Сырыцу, вядомаму гісторыку, грамадскаму дзеячу, кіраўніку суполкі Руху «За Свабоду» і рады Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах, споўнілася б у гэтым годзе 65 год.
Баранавіцкія сябры і паплечнікі Віктара Сырыцы наведалі яго месца пахавання ў чарговую гадавіну смерці. Усклалі ля помніка кветкі, запалілі знічы і прачыталі малітву “Ойча наш”. Затым падзяліліся ўспамінамі пра гэтага дарагога ім чалавека:
– Цяжка гаварыць. Гэта самая вялікая страта нашай беларускай грамады ў Баранавічах. Гэта самы паважаны наш чалавек, самы любімы.
– Ведаю, што Віктар Антонавіч не ставіў сабе ніякіх дэвізаў. Але, я думаю, ён жыў па слове Божым. У Бібліі ёсць такія словы: “Змагайся за праўду аж да смерці, і Бог цябе ўратуе”.
– Вельмі светлы, адукаваны, выкшталцоны чалавек.
Скончылі прамовы любімым гімнам нябожчыка “Магутны Божа”.
Віктар Сырыца раптоўна памёр тры гады таму па дарозе ў Менск па справах Руху «За Свабоду». Яму было 62 гады.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя