Памёр ад каронавіруса вядомы рэчыцкі актывіст Алег Шабетнік
У Рэчыцы памёр ад каронавіруса вядомы грамадскі і палітычны актывіст, прадпрымальнік Алег Шабетнік. Апошнія два дні 55-гадовы мужчына правёў у рэанімацыі і 21 кастрычніка памёр.
Пра гэта Reform.by паведамілі яго сябры.
Шабетнік быў кіраўніком Гомельскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі «Гавары праўду» (нядаўна ліквідаванай), таксама быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён удзельнічаў у выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты, быў даверанай асобай кандыдатаў ад «Гавары праўду» на прэзідэнцкіх выбарах. Таксама Шабетнік займаўся дабрачыннасцю.
Месяц таму ў актывіста праводзілі ператрус на падставе нанясення надпісу на прыпынку ў яго раёне. За гады дзейнасці яго не раз затрымлівалі, спрабавалі завесці супраць яго крымінальныя справы.