Памёр адзін з чатырох пацярпелых пры выбуху на прадпрыемстве „Алкід”
Адзін з пацярпелых пры выбуху на заводзе „Алкід” — мужчына 1985 года нараджэння — памёр у бальніцы, паведаміла 29 траўня ў „Фэйсбуку” афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Менскай вобласці Таццяна Беланог.
НЗ на заводзе бітумна-палімерных эмульсій і масцік „Алкід”, што ў вёсцы Каралёў Стан Менскага раёна, адбылося раніцай 22 траўня. У будынку прадпрыемства здарыўся выбух, які пацягнуў ўзгаранне і пашкоджанне транспартных сродкаў, якія знаходзіліся побач. На момант надзвычайнага здарэння ў вытворчым памяшканні былі работнікі. Траўмы атрымалі чацвёра мужчын, якіх даставілі ў бальніцу. Двое з пацярпелых знаходзіліся ў цяжкім стане.
Паводле інфармацыі Беланог, расследаванне крымінальнай справы па факце здарэння працягваецца. „Следчымі і спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз падчас агляду выяўленыя і ўзятыя фрагменты праваднікоў, пробы гатовай прадукцыі і іншыя матэрыялы. Паводле пастановы следства экспертамі праводзіцца комплекс экспертыз, такіх як пажарна-тэхнічная, выбуховатэхнічныя, нафтапрадуктаў і гаруча-змазачных матэрыялаў, будаўніча-тэхнічная”, — паведамляе афіцыйны прадстаўнік СК па Менскай вобласці.