Памёр айцец Аляксандр Надсан (абнаўляецца)



У Лондане на 89-ым годзе жыцця памёр уніяцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы Аляксандр Надсан.

10995988_10152615344896157_4927689704937510169_n

Айцец Аляксандр Надсан з пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя доўгі час заставаўся адзіным беларускім грэка-каталіцкім святаром у беларускай каталіцкай місіі ў Вялікай Брытаніі. Ягоны папярэднік біскуп Чэслаў Сіповіч памёр у 1981-м годзе.

Айцец Аляксандр Надсан – незвычайная постаць з пакалення паваеннай эміграцыі, якое зрабіла неацэнны ўнёсак у беларускае жыццё ў замежжы і ў самой Беларусі, – адзначыла ў эфіры нашага радыё Караліна Мацкевіч з Вялікабрытаніі.

 – Мы мусім быць вельмі ўдзячнымі гэтаму пакаленню, якое стварыла тое, чаго не бачна каб маглі стварыць мы. Аляксандр Надсан – адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі і, канешне, Беларускага рэлігайна-культурнага цэнтра. Ёсць надзея, што тое, што заклала гэтае пакаленне, і не толькі надзея, што гэта будзе працягвацца і што нам трэба працягваць ягоную справу. Ён сам за некалькі дзён перад смерцю сказаў: я зрабіў што мог, цяпер вы старайцеся. Я думаю, што гэты наказ не толькі для нас, не толькі для дыяспары, але і для ўсёй Беларусі.

 Айцец Аляксандр Надсан нарадзіўся ў Гарадзеі ў 1926 годзе. Пасля вайны апынуўся ў эміграцыі. З 1946 году жыў і працаваў у Вялікай Брытаніі.

* * *

Айцец Аляксандр Надсан быў папулярызатарам Беларускай кніжнай культуры ў вольным свеце тады, калі гэта ніхто не рабіў. Згадвае грэка-каталіцкі сьвятар, айцец Сяргей Стасевіч з Лондану:

– Найбольш важнае – гэта папулярызацыя айцом Аляксандрам Надсанам беларускіх Кітабаў. Я ўжо не памятаю, хто набыў гэты Кітаб, ці хтосьці нам яго калісьці ахвяраваў. Ён першым пачаў пісаць пра мусульманскія кнігі, напісаныя арабскім пісьмом беларускай мовай, першыя артыкулы былі напісаны па-ангельску. І менавіта ён увёў Кітабы ў навуковы ўжытак. І звязаў іх таксама з Беларуссю. Менавіта вось у гэтым ягоная заслуга. Гэта былі рукапісы. Ён аналізаваў рукапісныя кнігі і пісаў на іх аснове навуковыя працы.

* * *

Як згадвае грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Крот, яго малітва дапамагала Беларусі:

– Тады яшчэ, калі не было ніякай надзеі на адраджэнне Грэка-Каталіцкай Царквы, ён проста штодзённа маліўся, перакладаў богаслужбовыя тэксты і ўзносіў да Бога заступніцкую малітву за Беларусь і за Грэка-Каталіцкую Царкву. Плён яго малітвы пасля дзевяці гадоў – гэта сустрэча з маладымі людзьмі ў Менску, якія самі без чыягосьці ўплыву назвалі сябе грэка-каталікамі і з гэтага пачалося адраджэнне Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Айцец Аляксандр Надсан амаль поўнасцю пераклаў на беларускую мову богаслужбу візантыйскага абраду.

Смерць айца Аляксандра Надсана – цяжкая страта для беларусазнаўства і для беларускай нацыі. Ён аўтар шматлікіх даследаванняў па рэлігійнай гісторыі Беларусі. Акрамя таго, ён шмат зрабіў для дапамогі ахвярам Чарнобыльскай трагедыі. Згадвае айца Надсана ўкладальніца яго зборніка ў серыі “Беларускі кнігазбор” Ірына Багдановіч:

– Канешне, удзячная лёсу, што ўжо ў першыя яго прыезды ў Беларусь у 1991 годзе пазнаёмілася з ім, тады стварыўся Скарынаўскі цэнтр. Ён часта ездзіў у Беларусь, сустракаўся з нашымі дзеячамі культуры. Апрача таго, што вазіў заўсёды Чарнобыльскую дапамогу. Кожны раз прывозіў. Гэта яго асобная галіна дзейнасці. Для мяне было ўвасабленнем такога сапраўднага святара, якога я заўжды сабе ўяўляла.

Пяру Аляксандра Надсана належаць культуралагічныя працы пра Святога Кірылу Тураўскага, біскупа Чэслава Сіповіча, княгіню Магдалену Радзівіл, Друйскіх айцоў Марыянаў.

Літаратарка Данута Бічэль згадвае, што менавіта айцец Надсан служыў першую літургію візантыйскага абраду ў Гародні па-беларуску, пасля доўгага гістарычнага перапынку:

– Гэтая падзея перавярнула наша жыццё – гэта літургія айца Надсана ў Францішканскім касцёле за Нёманам. Ён сам дамовіўся з ксяндзом, гэта была імша паміж набажэнствамі каталіцкімі і нас было вельмі шмат у касцёле. Гэту літургію практычна вёў адзін Надсан, і за святара, і за ўсіх вернікаў таму, што мы не ўмелі тады маліцца.

Служба па-беларуску святара з Лондану моцна паўплывала на нацыянальную свядомасць беларусаў пачатку 90-х. Неўзабаве пасля прыезду айца Аляксандра Надсана, грэка-каталікі пачалі адраджаць сваё рэлігійнае жыццё.

Дзесяцігоддзямі гэты чалавек — можа, адзіны ў свеце – штодня маліўся за Беларусь ды па-беларуску. Так пра айца Аляксандра Надсана гаворыць доктар філасофіі і сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая, якая 14 гадоў жыла ў Лондане і працавала разам з айцом Аляксандрам:

–  Айцец ніколі не дзяліў людзей. Ён заўсёды казаў, што для кожнага чалавека ягоная вера такая ж дарагая, як для мяне мая. Таму глыбока шанаваў веру кожнага. Шанаваў не толькі пабожнасць, але і яе адсутнасць. Чаму яго так любілі людзі, цягнуліся да яго? Бо ён вельмі любіў іх. Аддаваў усяго сябе на іх патрэбы. Ён быў надзвычайны, другіх такія я не сустракала. Быў вельмі гасцінным, зычлівым да людзей.

Ірына Дубянецкая адзначае, што айцец Аляксандр – адзін з нешматлікіх людзей, якога нельга замяніць. Усё жыццё жыў для Беларусі, якая ў савецкі час шэльмавала ягонае імя.

Першы раз трапіў на Радзіму па справах, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай: ён адзін з першых, які даводзіў свету, што ад Чарнобыльскай катастрофы найбольш пацярпела менавіта Беларусь.

“Гэта быў унікальны чалавек, аптыміст,” – так пра айца Аляксандра Надсана гаворыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Не давялося яму жыць у Беларусі, якую так моцна любіў. Але яго імя напэўна вернецца ў Беларусь – перакананы Алег Трусаў:

–  Гэта ўнікальны чалавек, які зрабіў для Беларусі больш, чым сотні беларусаў, якія жылі на Бацькаўшчыне. Галоўнае – ён заўсёды быў аптымістам: ён браўся за справы, за якія ніхто не хацеў брацца. У выніку стварыў унікальны музей, бібліятэку ў Лондане і г.д. Нам будзе яго не хапаць. Я думаю, прыйдзе час, калі мы назавём яго імем вуліцы, плошчы ў нашых гарадах, помнік паставім – усё наперадзе. Няхай зямля яму будзе пухам.

Айцец Аляксандр Надсан – апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы – быў апосталам беларушчыны. Так узгадвае яго лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Нягледзячы на тое, што знаходзіўся ў эміграцыі, ён меў вялікі ўплыў і на думкі беларусаў тут, на Радзіме. Гэта быў надзвычай светлы чалавек, пазітыўны, які меў сапраўды глыбокую веру не толькі ў Бога, але і ў Беларусь, беларусаў. Верыў, што, нягледзячы на розныя перашкоды, Беларусь адродзіцца, будзе жыць. І гэтай справе прысвяціў усё сваё жыццё.

Гэта быў чалавек, які ўсё жыццё служыў Богу і Беларусі, гаворыць Вінцук Вячорка:

– Веліч постаці айца Аляксандра была відаць і пры ягоным жыцці. Цяпер, у гэтыя журботныя дні, калі беларусы ўсяго свету развітваюцца з ім, гэтая веліч яшчэ больш выразная. Дзе б ён не быў, што б ён не рабіў, ён служыў Богу. Але ён служыў і Беларусі. Для яго гэта была непадзельная служба. Гэты чалавек тварыў нанова беларускамоўную практыку багаслужбы.

Ён пераклаў з грэчаскай і славянскай моў на беларускую значную частку корпуса ўсходніх літургічных тэкстаў. Аўтар больш за 250 навуковых публікацый, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысціянства ХХ ст, малітоўніка «Госпаду памолімся» (2002), які з’яўляецца афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Аляксандр Надсан вызначыў год выдання «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны (1522), а таксама расчытаў і ўвёў у навуковы ўжытак аль-кітабы беларускіх татараў.

Сустаршыня Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі, які неаднойчы сустракаўся з айцом Аляксандрам, адзначае, што сэрцам той заўсёды быў у Беларусі, хоць жыць прыйшлося па-за яе межамі:

– Я меў гонар быць знаёмым з айцом Надсанам. Усё яго жыццё – служэнне сапраўднага хрысціяніна. Ягонае сэрца належала Беларусі. Ён сваёй дзейнасцю нёс святло ў гэты свет. Нягледзячы на тое, што вымушаны быў знаходзіцца ў эміграцыі, як сапраўдны хрысціянін, не меў у сэрцы нянавісці. Ён жыў служэннем Айчыне.

Аляксандр Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў Нясвіжскім раёне. Ваяваў у арміі Андэрса, якая была ў складзе Брытанскіх узброеных сіл. У Вялікабрытаніі — з 1946 года, быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі.

Айцец Аляксандар Надсан — аўтар некалькіх кніг па гісторыі Беларусі, быў кіраўніком беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане, старшынём Камітэту дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

Беларускае Радыё Рацыя