Памёр айцец Віктар Данілаў
Сумная вестка прыйшла з Яраслаўля – не стала душпастыра многіх беларускіх грэка-католікаў. У ноч на 7 снежня на 90-ым годзе жыцця памёр айцец Віктар Данілаў.
Віктар Данілаў у студэнцкія гады быў зняволены ў сталінскі канцлягер, дзе прабыў сем гадоў. Там, у зняволенні, ён прыйшоў да веры, а выйшаўшы на свабоду, прысвяціў усё сваё жыццё служэнню хрысціянству. У Гародні ён стаў уніяцкім святаром, пазней быў дэканам Беларускай Грэка-каталіцкай царквы. Аўтар шматлікіх тэалагічных працаў.
Вiктар Данілаў нарадзіўся 20 ліпеня 1927 году ў Яраслаўлі. Рэлiгiйны дысідэнт, публіцыст, з 1976 –га – святар грэка-каталiцкай царквы ў падполлi; вязень ГУЛАГу ў 1948-1955 гадах. У 1947-ым паступіў у Яраслаўскі педагагiчны iнстытут, у чэрвені 1948-га арыштаваны за свае крытычныя выказваннi пра Сталiна i абвiнавачаны ў антысавецкай агiтацыi. Асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмiн адбываў у лагеры для асаблiва небяспечных палiтычных злачынцаў у Iнце, Комi АССР. За падрыхтоўку ўцёкаў атрымаў паўторную судзiмасць тэрмiнам на 10 гадоў. За час знаходжання ў няволі пераасэнсаваў свае пазіцыi, адмовiўся ад таталiтарнага калектывiзму, марксiзму і атэiзму. У лагеры прыняў каталiцкае веравызнанне. У 1955 вызвалены па амнiстыi i пасля ў падполлі займаўся мiсiянерскай дзейнасцю. Са снежня 1955 узнавiў вучобу на гiстарычным факультэце Яраслаўскага педагагiчнага iнстытута. Аднак пасля сканчэння дыплом яму спачатку не выдалі па той прычыне, што ён быў актыўным католiкам, пра што адмiнiстрацыi iнстытута стала вядома з даносу. Толькi настойлiвасць Данілава, яго афiцыйныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы з заявамi пра рэлiгiйную дыскрымiнацыю дазволiлi ва ўмовах палiтычнай лiбералiзацыi – «адлiгi» часоў М. Хрушчова, адбараніць свае правы i атрымаць дыплом. Але ўладкавацца па спецыяльнасцi ён не змог, з 1959 працаваў электрамантажнiкам. У 1960 пераязджае ў больш лiберальныя рэгiёны СССР — спачатку ў Вільню, а ў 1967 году ў Гародню. У пачатку 1970-х г. атрымаў прапанову вучыцца на святара грэка-каталiцкага абраду. У 1976 у Львове тайна пасвечаны ў святары мiтрапалiтам Уладзiмірам Сцернюком. Вярнуўся ў Гародню i пачаў святарскае служэнне ва ўмовах падполля. Пiсаў рэлiгiйныя працы для самвыдату. З 1992-га быў легальна парахам грэка-каталiцкай парафii ў Гародні. Многія гады айцец Віктар вёў актыўную душпастырскую дзейнасць, арганізоўваў і ўмацоўваў мясцовую грэка-каталіцкую суполку. У 2003-ім вярнуўся на радзіму ў Яраслаўль, вёў там місіянерскае служэнне, працягваў пісаць працы на рэлігійныя тэмы і прапаведаваў у фэйсбуку. У 2015 годзе ў інтэрнэце з’явілася яго перавыданне працы “Мой шлях да Бога і да Каталіцкай царквы”.
Светлая памяць!
Беларускае Радыё Рацыя