Памёр акцёр, у якога быў каронавірус. У тэатры “адпачынак”



Мінулай ноччу ў віцебскай лякарні памёр Віктар Дашкевіч, Заслужаны артыст Беларусі, акцёр Віцебскага акадэмічнага драматычнага тэстра імя Якуба Коласа. З 21 сакавіка ён быў у лякарні з дыягназамі  “пнеўманія” і “хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх”, тэст на наяўнасць каронавіруса паказаў станоўчы вынік.

Віктар Мікалаевіч Дашкевіч памёр у рэанімацыйным аддзяленні,  падтрыманне арганізму з дапамогай апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх не дапамагло. Яшчэ 11 работнікаў тэатра таксама былі, або яшчэ цяпер знаходзяцца на бальнічным, нехта – дома, нехта – у лякарні. Толькі па абедзе 31 сакавіка  тэатр спыніў працу: увесь калектыў адправілі ў адпачынак. Да  сённяшняга дня  факт наяўнасці каронавірусу ў аднаго з акцёраў нікога не хваляваў: у тэатры працягваліся спектаклі і рэпетыцыі, а 27-га сакавіка тут нават адыгралі прэм’еру. Толькі ў гэтыя выходныя з’явілася абвестка, што наступныя спектаклі адмяняюцца. Аднак не праз каронавірус, а праз тое, што гледачы лічаць за лепшае  не наведваць масавыя імпрэзы. Санітарна-эпідэміялагічныя службы паабяцалі “абзвоніваць” супрацоўнікаў тэатра і цікавіцца станам здароўя, некалькі чалавек здалі аналіз на наяўнасць каронавіруса самастойна, вынікаў пакуль не ведаюць.

Паводле традыцыі, у выпадку смерці акцёра, труну на некалькі гадзінаў выстаўляюць у тэатры для развітання і праводзяць у апошні шлях воплескамі. Дырэктар тэатра паведаміў, што на пахаванні Віктара Дашкевіча  ўрачыстага рытуалу не будзе. І што справай пахавання “займаецца сям’я”. Да слова, удава артыста, якая таксама працуе ў тэатры, цяпер знаходзіцца на хатнім каранціне. А малодшая дачка жыве ў Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск