Памёр Анджэй Вайда
Памёр класік польскага і сусветнага кіно Анджэй Вайда.
„Апошнім часам рэжысёр хварэў. Некалькі дзён таму ён трапіў у шпіталь. Мы спадзяваліся, што ён адтуль выйдзе” – сказаў у эфіры польскай тэлевізіі сцэнарыст і рэжысёр Яцэк Бромскі.
У канцы верасня на кінафестывалі ў Гдыні быў прадстаўлены новы фільм Вайды „Паслявобраз”. Пазней стала ведама, што Польскі інстытут кінамастацтва вылучыў гэтую стужку кандыдатам на прэмію „Оскар” у намінацыі „Лепшы фільм на замежнай мове”.
Адным з першых на смерць Вайды адгукнуўся і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які напісаў у сваім твітары „Шануем яго памяць”.
Крытыкі часта называлі Вайду „бацькам польскага кінематографу”, „сумленнем польскага народу”.
Анджэй Вайда нарадзіўся 6 сакавіка 1926 году ў Сувалках. Стварыў каля 40 кінастужак, сярод якіх такія працы як „Пакаленне”, „Попел і дыямант”, „Сібірская ледзі Макбет”, „Краявід пасля бітвы”, „Зямля абяцаная”, „Паненкі з Вілька”, „Дантон”, „Катынь” і іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя