Памёр беларускі літаратуразнавец Уладзімір Содаль



У Менску ў веку 78 гадоў памёр выдатны беларускі літаратуразнавец і краязнавец Уладзімір Содаль. Доўгія гады ён даследаваў творчасць і жыццёвы шлях беларускіх пісьменнікаў. Найбольш ведамыя яго кніжкі прысвечаныя пачынальніку новай беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу.

Уладзімір Содаль нарадзіўся 13 верасня 1937 году ў вёсцы Мормаль (Жлобінскі р-н). У 1963 годзе скончыў Менскі педагагічны інстытут. Пазней настаўнічаў. Доўгія гады – з 1967-га па 2000 год працаваў на беларускім тэлебачанні. Аўтар кніг «Людзьмі звацца» (1977), «Пуцявінамі сейбіта» (1982), «Кушлянскі кут», «Сцежкамі Мацея Бурачка» (абедзве 1990), «Жупранская старонка» (1992), «Тут бачу свой край» (1994), «Свіранскія крэскі» (1995), «Карпілаўка» (2001). Складальнік альбомаў «Францішак Бенядзікт Багушэвіч» (1986), «Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч» (1997). Укладальнік зборнікаў твораў Ф. Багушэвіча «Мая дудка» (1987), «Каму дудка паслушна» (1990). Кніга «Волат з Мiгаўкі» (2007) прысвечана жыццю i дзейнасці Аляксандра Уласава.

Развітанне з Уладзімірам Содалем пройдзе 18 красавіка ў суботу з 11-й да 13-й гадзіны ў рытуальнай залі пры менскай гарадской клінічнай бальніцы №9 (вул.Сямашкі,8). Пахаваны ён будзе на могілках у вёсцы Астрашыцкі гарадок (Менскі раён) побач з магілай маці.

Беларускае Радыё Рацыя