Памёр другі хлопчык, якога заваліла бетоннай плітой



Урачы Магілёўскай дзіцячай абласной бальніцы 13 лістапада канстатавалі смерць дзевяцігадовага Дзяніса, які пацярпеў пры абвальванні перакрыцця недабудаванага будынка.

1 лістапада ў Магілёве на тэрыторыі закінутага ўчастка з недабудаваным домам на дваіх дзяцей абвалілася пліта перакрыцця. Ратавальнікі МНС з дапамогай гідраўлічнага абсталявання дасталі дзяцей. Нягледзячы на праведзеныя медыкамі рэанімацыйныя мерапрыемствы, хлопчык 2007 года нараджэння памёр. Другога хлопчыка, 2008 года нараджэння, даставілі ў рэанімацыю дзіцячай бальніцы.

Пра тое, што 13 лістапада канстатавана смерць другога дзіцяці, паведаміла на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.

Яна нагадала, што дзевяцігадовы хлопчык быў дастаўлены ў Магілёўскую дзіцячую абласную бальніцу ў стане клінічнай смерці з дыягназам „цяжкая спалучаная траўма”. З улікам новых акалічнасцяў следствам будзе дадзена прававая ацэнка таму, што адбылося, паведаміла прадстаўнік следства.

Адзначым, што прыватны будынак, дзе абвалілася перакрыцце, узведзены незаконна і павінен быў быць знесены раней. У 2010 годзе Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці правёў праверку і вынес прадпісанне аб зносе незаконна пабудаваных аб’ектаў на Загараднай шашы, 31. На падставе праверкі былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці службовыя асобы Магілёўскага гарвыканкама, якія не забяспечылі належны кантроль за выкананнем зямельнага і горадабудаўнічага заканадаўства.

УСК распачало справу па арт. 428 КК (службовая халатнасць) у дачыненні да шэрагу службовых асоб упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва і іншых структурных падраздзяленняў Магілёўскага гарвыканкама, якія, на думку следчых, неналежным чынам выканалі свае службовыя абавязкі, а таксама не выканалі патрабаванні заканадаўства, якія рэгламентуюць парадак зносу самавольна пабудаваных капітальных будынкаў.

belapan.by