Памёр дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай (абноўлена)



23 жніўня ў Менску на 53-м годзе жыцця раптоўна памёр заснавальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай.

Развітанне з заснавальнікам БелаПАН Алесем Ліпаем, які раптоўна памёр 23 жніўня на 53-м годзе жыцця, пройдзе ў суботу, 25 жніўня, у храме святога Архангела Міхаіла, размешчанага на скрыжаванні вуліц Шаранговіча і Янкоўскага (мікрараён Сухарава) у Менску.

Развітацца з Алесем можна будзе з 21.30 да 10.30 раніцы нядзелі.

Затым працэсія адправіцца ў Рудзенск, дзе Алесь Ліпай будзе пахаваны побач са сваёй маці і сястрой. 

Беларуская асацыяцыя журналістаў выказала спачуванні блізкім і родным калегі Алеся Ліпая. Кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец:

Вельмі цяжка выказваць нейкія словы спачування ў звязку з тым, што Алесь кіраўнік агенцтва, што ён вялікая фігура ў беларускай журналістыцы. Для мяне ён проста чалавек, якога я добра ведаю. Зразумела, што ўсе мы проста шакаваныя гэтай навіной, хаця не тое, каб яна была абсалютна знянацку, але ўсё роўна цяпер усе з паўшокавым стане. Выказваю спачуванні ў першую чаргу родным Алеся, і спадзяёмся на тое, што справа, якую ён пачаў, будзе працягнутая і вершы ягоныя таксама будуць чытацца.

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе з 1991 года. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Першую кнігу паэзіі „Пад снегам” выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі „Рэшта”.

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна (Менская вобласць). У 1988 годзе падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ зведаў пераслед за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты „Лірнік”. У канцы 1980-х гадоў — удзельнік таварыства маладых літаратараў „Тутэйшыя”. У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам „Радыё Свабода” ў Беларусі.

У 1991 годзе падчас працы ў газеце „Знамя юности” вёў беларускамоўную старонку „Родны склон”. Аўтар перакладу на беларускую мову дагавора аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. У пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выданых беларускай дыяспарай у Германіі, і распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках. У чэрвені 1996 года падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садзе ў Мінску, браў інтэрв’ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым яго ўвагу на сябе.

У 2004 годзе БелаПАН пад кіраўніцтвам Ліпая быў уганараваны прэміяй імя Дзмітрыя Завадскага „За мужнасць і прафесіяналізм” як „пацвярджэнне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнанне высокага прафесіяналізму журналістаў”.

У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названая лаўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыуса „Маладая прэса Усходняй Еўропы”.

У 2006 годзе БелаПАН і яго інтэрнэт-газета Naviny.by атрымалі прэмію Рунэту ў намінацыі „За межамі Ru”.  БелаПАН