Памёр гарадзенскi краязнаўца Віктар Саяпін (абноўлена)
У Гародні заўчасна пайшоў з жыцця вядомы краязнаўца і аўтар больш за 30 кніг па гісторыі горада Віктар Саяпін. Усё сваё жыццё навуковец прысвяціў вывучэнню гісторыі Гародні. У 2016 годзе Саяпіна ўнеслі ў Кнігу Славы Гародні. Згадвае гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч:
– Віктара Юр’евіча Саяпіна я ведаў больш за 10 гадоў. Калі знаёмства пачыналася больш з нейкіх размоў пра гісторыю, то з часам ён сапраўды стаў для мяне не проста калегам па працы, гістарычных справах, а нават у нейкай ступені сябрам. Гэта быў чалавек, з якім мы рэалізавалі шмат розных праектаў. І гэта быў чалавек, які ніколі не адмаўляўся дапамагчы, вельмі добра разумеў грамадскую значнасць гісторыі.
Выдавец кніг Саяпіна, галоўны рэдактар выдавецтва “ЮрсаПрынт” Аляксандр Рыжы лічыць, што выдавецтва паўстала дзякуючы Саяпіну.
– Быў не проста аўтарам выдавецтва, ён быў сапраўдным сябрам, вялікім дарадцам. Увогуле, мы разам некалі вырашалі, што і калі выдаваць, які мне як выдаўцу і прадпрымальніку мець кірунак. Для мяне ён быў больш, чым проста аўтар.
Віктара Саяпіпа будуць адпяваць 4 лютага а 12-й гадзіне ў Свята-Пакроўскім саборы ў Гародні. Жыхары горада збіраюць подпісы, каб вядомага краязнаўцу пахавалі на могілках па праспекце Касманаўтаў, дзе знаходзіцца так званая “Алея герояў”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Вядомы краязнаўца, калекцыянер, аўтар мноства кніг пра гісторыю Гародні Віктар Саяпін памёр на 68 годзе жыцця ўвечары 2 лютага 2017. Страшная хвароба прыйшла да Віктара Юр’евіча зусім нечакана, але ратавацца ад яе ўжо было позна.
Усё сваё жыццё Віктар Саяпін прысвяціў роднаму гораду. Ужо з пятага класа ён пачаў фармаваць калекцыю пра Гародні — выразаў газетныя і часопісныя публікацыі, збіраў буклеты і паштоўкі. У юнацтве ён шмат фатаграфаваў. Ужо ў сталым узросце Віктар Юр’евіч узяўся за сур’ёзную пошукавую працу ў бібліятэках.
Пасля выхаду на пенсію стаў як на працу хадзіць у архівы. Хадзіў ён туды з адзінай мэтай — даведацца, як жылі, працавалі, чым захапляліся, дзе праводзілі вольны час гродзенцы.
«Я сам гродзенец у чацвёртым пакаленні па мамінай лініі. А мае ўнукі наогул у шостым. Радавод вывучыў да XVIII стагоддзя. Ува мне цячэ кроў беларускіх, расейскіх, украінскіх і нават нямецкіх продкаў», — пра гэта яшчэ ў 2012 годзе Віктар Саяпін распавядаў карэспандэнту «Гродзенскай праўды».
Дваццаць пяць гадоў Віктар Юр’евіч адпрацаваў у мытнай службе. Ён прайшоў шлях ад інспектара да намесніка начальніка Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. Неаднаразова быў прадстаўлены да высокіх дзяржаўных узнагарод.
Апошняя кніжка, якую паспеў выпусціць краязнаўца — «Гродна i гродзенцы 1944-74». На яе прэзентацыі гісторык Ігар Трусаў сказаў: «Кнігамі Саяпіна будуць карыстацца яшчэ 150 гадоў».
17 верасня 2016 года, на 888 годзе горада, iмя Віктара Саяпіна ўнеслі ў Кнігу Славы Гародні (на фота ніжэй).