У Менску развіталіся з Вацлавам Нямковічам (абноўлена)
У Менску развіталіся з кіраўніком грамадскага аб’яднання „Хрысціянская злучнасць „Курапаты” Вацлавам Нямковічам. Яму было 87 гадоў.
Значную частку жыцця Вацлаў Нямковіч аддаў справе ушанавання памяці бязвінных ахвяраў палітычных рэпрэсій у былым СССР. Гэты чалавек уяўляе вобраз сапраўднага беларуса, – кажа журналіст і грамадскі актывіст Марат Гаравы: „Сам ён селянін са шляхецкімі каранямі. Сваім розумам, сваёй працай дайшоў да інжынера. Працаваў у Акадэміі Навук. Сваёй душой дайшоў да таго, што трэба бараніць Курапаты. І стварыў грамадскую арганізацыю „Хрысціянская злучнась „Курапаты”. Шмат год праз гэтую структуру быў сапраўдным заступнікам Курапатаў. Ён за іх балеў і рабіў усё, каб гэты мемарыял не знік. А потым, калі мы стварылі нашу грамадскую ініцыятыву „Эксперты ў абарону Курапатаў”, ён прыйшоў да нас. Разам з намі ён хадзіў на суды, удзельнічаў у іх паседжаннях, пісаў звароты. Зараз мы абралі яго ў журы нашага конкурсу па мемарыялізацыі Курапатаў. Мы яго звалі „наш дзед”. Светлая яму памяць!”
Па словах намесніка старшыні Кансерватыўна-Хрысцяінскай партыі БНФ Юрася Беленькага, Вацлаў Адольфавіч Нямковіч быў чалавекам, абраным Богам. Гэта чалавек, які ахвяраваў сваім вольным часам, энергіяй дзеля нацыі, дзеля будучыні народа і дзяржавы. „Такія людзі — рэдкасць. І я ўпэўнены, што гэта менавіта Божая ласка, што такія людзі на нашай зямлі ёсць. І дзякуючы ім жыве наша нацыя і мае будучыню, мае перспектыву” — кажа Юрась Беленькі. Палітык нагадаў, што Вацлаў Нямковіч быў ля вытокаў Беларускага Народнага Фронту, потым у складзе Кансерватыўна — Хрысціянскай партыі БНФ., стварыў і узначаліў „Хрысціянскую злцучнасць „Курапаты”. „Ён працаваў да апошняга. Зусім нядаўна я яго бачыў у Курапатах, пасля яго 87 – га дня народзінаў. Ён ужо быў заўважна фізічна слабы. Але тым не менш, гаворка наша ішла не пра асабістае. Абмяркоўвалі планы, вялі гаворку пра Курапаты, пра будучыню, што і як зрабіць” – узгадаў Юрась Юеленькі.
Па выразу палітыка Вячаслава Сіўчыка, Курапаты асірацелі. „Ад імя Руху Салідарнасці „Разам” выказваю спачуванні родным і блізкім гэтага вялікага беларуса. Ён усім нам паказаў, што і ў сённяшні час мусяць быць і сумленне, і працавітасць беларуская, і ахврнасць. Вацлаў Адольфавіч прымаў актыўны ўдзел шмат у якіх акцыях у Курапатах і ў часы Беларускага Народнага Фонту і ў час, калі Рух салідарнасці „Разам” паўстаў. Апошні раз ён удзельнічаў у нашай акцыі 29 кастрычніка мінулага году. Шмат хто з маладых не маюць часу і сілы, каб наведаць тыя мясціны, дзе камуністы забівалі нашых людзей падчас тэрору. А апошні раз я яго бачыў і размаўляў не так даўно, калі ўжо яму відавочна не хапала сілаў. Ён ішоў з курапацкай Галгофы і мусіў спыніцца і прысесці на „лаўку Клінтана”. Не ведаў, што гэта будзе апошняя сустрэча. Вельмі светлы быў чалавек” – сказаў Вячаслаў Сіўчык.
Сябра грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курпатаў” Вацлаў Арэшка ўспамінае, што Вацлаў Нямковіч зрабіў велізарную працу па даследаванню Курапатаў. Ён удзельнічаў у складанні дакладных планаў урочышча. І яго праца вызначалася дакладнасцю, дэтальнай прапрацўкай. Адразу было бачна, што ён былы інжэнер.
„А самае галоўнае, што ў яго была трывалая маральная пазіцыя. Нездарма ж ён узначальваў „Хрысціянскую злучнасць „Курапаты”. Дарэчы, па перакананнях ён быў паслядоўны антыкамуніст. Зараз гэта вельмі важна. Мы пачынаем забывацца, што вінаваты ў рэпрэсіях і шмат у чым іншым быў камунізм, камуністычная ідэалогія і яе носьбіты. Пра гэта забывацца нельга, таму што ўсё гэта зноўкау круціцца вакол і хоча вярнуцца… Зараз цяжка. Усе сыходзяць нечакана. Але ў такі адказны момант у жыцці краіны не хацелася, каб ён сыходзіў. А з другога боку, такі год, што ледзь не кожны тыдзень даводзіцца сустракацца на пахаваннях. І кожны раз думаеш, а хто наступны?” — з сумаў сказаў Вацлаў Арэшка.
Зінаіда Тарасевіч, старшыня Беларускай асацяцыі ахвяраў палтычных рэпрэсій нагадвае, што жыццё Вацлава Нямковіча было доўгім. І рос ён пустадомкам, не абыякавым чалавекам. Не такім, як некаторыя — абы з раніцы дацягнуцца да вечара. Ён упітваў усё ў сябе, як ад прыроды разумны чалавек, занатоўваў у сваёй памяці. Ён пражыў гэтае жыццё, прайшоў па яго прыступках і, можна сказаць, дайшоў да вышэйшай ступені, да мудрасці. Ён – мудры чалавек. Такіх людзей наогул, нямнога. І, як мудры чалавек, ён пакінуў свой след у гісторыі, – упэўнена Зінаіда Тарасевіч.
Адказны сакратар управы Кансерватыўна – Хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі: „Два месяцы назад мы сустракаліся з Вацлавам Адольфавічам у Курапатах. Тады талокі як – раз пачыналіся. Доўгая размова ў нас была. Пра планы што і як будзем рабіць, таму што гэта агульная наша задача. Мы абмяркоўвалі тэхнічныя пытанні, бачанне, як далей развіваць народны мемарыял, упарадкаваць. І тут Вацлаў Адольфавіч раптам кажа: днямі ў мяне было бачанне ці сон – я бачыў дзясяткі тысяч мужчын і жанчын, якія ішлі з Курапатаў у горад. – Пытаюся, а што гэта былі за людзі? – А гэта тыя, каго забіла НКВД, хто ляжыць у курапацкіх магілах – яны ішлі ў горад… Для мяне былі нечаканымі гэтыя словы. Я задумаўся. І вось зараз зразумеў – ён хутка сустрэнецца з тымі людзьмі, якія там ляжаць. Сустрэнецца з нашым Госпадам” – распавёў Алесь Чахольскі аб дзіўным сне Вацлава Нямковіча.
Труну з целам памерлага пакрылі бела — чырвона — белым нацыянальным сцягам. І потым Нямковіч здзейсніў свой апошні шлях. З Менску яго павезі хаваць на радзіму, на Браслаўшчыну.
* * *
Памёр нязменны кіраўнік грамадскага аб’яднання „Хрысціянская злучнасць „Курапаты” Вацлаў Нямковіч.
Вацлаў Нямковіч (Фота svaboda.org)
Урочышча Курапаты пад Менскам з’яўляюцца мемарыялам ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 30-40 гадоў мінулага стагоддзя.
Вацлаву Нямковічу было 87 гадоў. І значную частку жыцця ён аддаў справе ўшанавання памяці бязвінных ахвяраў палітычных рэпрэсій у былым СССР.
Па словах сябра арганізацыі „Хрысціянская злучнасць „Курапаты” Алеся Макава, Вацлаў Нямковіч памёр раніцай 30 траўня ў 9 клінічнай бальніцы Менску, дзе знаходзіўся пасля паўторнага інсульту:
– Вацлаў Адольфавіч вельмі шмат зрабіў для Курапатаў, пастаянна цікавіўся справамі, насамрэч вельмі шмат зрабіў і быў нязменным кіраўніком нашай арганізацыі. Удзельнічаў у судах у абарону Курапатаў, вёў ліставанне з дзяржаўнымі ўстановамі, у яго багаты архіў на гэтую тэму.
Развітанне з Вацлавам Нямковічам адбудзецца ў рытуальнай зале 9-й клінічнай бальніцы на вуліцы Сямашкі ў Менску 31 траўня з 12 да 13 гадзін. Пахаваны Вацлаў Нямковіч будзе на радзіме, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск