Не стала Хведара Нюнькі (абноўлена)



Вядомы беларускі дзеяч у Вільні, чалец Рады БНР Хведар Нюнька пайшоў з жыцця 15 жніўня. Ён быў арганізатарам шматлікіх імпрэзаў, канферэнцый ды іншых мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай культуры на Віленшчыне.

«Усю сваю пенсію ён ахвяроўваў на імпрэзы, якія аб’ядноўвалі людзей каля беларускай справы», – кажа аўтарка дакументальнай стужкі пра спрадара Нюньку Вольга Нікалайчык:

– 30 гадоў таму ён стварыў з сынам Луцкевіча Таварыства Беларускай Культуры ў Вільні, пры ўсім пры тым, што ён знешне быў худзенькі, маленькі. У Вільні сёння такой постаці больш няма. Ён быў здольны на вельмі сур’ёзныя рэчы, нягледзячы на тое, што беларусаў у Вільні, якія могуць пастаяць за беларускую нацыянальную ідэю не так шмат, якія могуць выйсці да амбасады на акцыі пратэста.  

 Развітанне са спадаром Хведарам адбудзецца 17 жніўня ў Еўфрасіннеўскім саборы, што пры могілках Ліпаўка ў Вільні.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.

* * *

Хведар Нюнька працаваў і жыў дзеля Беларусі. Такім згадваюць яго пасля скону на 91-м годзе жыцця ў Вільні. Пасля сябе ён пакінуў успаміны, якія сталі плёнам працы „Беларускага Архіву вуснай гісторыі”.

Згадвае доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук

– Я пазнаёміўся з Нюнькам у 2007 годзе. Гэта быў час, калі я пачаў працаваць у ЕГУ. І паколькі хацелася ўмацаваць Беларушчыну не толькі ва ўніверсітэце, але шырэй, пачаў кантактаваць з беларускімі дзеячамі ў Вільні. Іх было даволі шмат, шмат аказалася арганізацый. І сутыкнуўся з тым, што ўсе яны былі даволі моцна падзелены.  Тады нарадзілася такая, як я сёння разумею, наіўная і рамантычная  ідэя, аб’яднаць іх. Дзякуючы таму, што ёсць універсітэт, ёсць студэнты беларускія і так далей. З гэтага нічога не выйшла.

У той сітуацыі Хведар Якубавіч адгукнуўся адным з першых. І супрацоўніцтва з ім было найбольш шчыльным і цікавым. Можна прыгадаць 90-годдзе БНР, якое адзначалася ў Вільні вельмі ўрачыста. Падчас 90-годдзя якраз атрымалася аб’яднаць усе беларускія арганізацыі. Усё выглядала даволі добра і скансалідавана. І сапраўды ўрачыста. Яго цікавасць і актыўнасць уражвалі. І падчас сустрэч з ім прыйшло разуменне, што ён не проста беларускі грамадскі дзеяч, а вельмі цікавы і мудры чалавек.

Успаміны яго я запісаваў у 2013 годзе. Быў такі праект “Беларускі Архіў вуснай гісторыі”, які называўся “Аўтапартрэт у кантэксце эпохі”. Успаміны былі надзвычай цікавыя. Ён шчыра распавядаў пра сябе. Гэта былі ўспаміны пра ўсё 20-е стагоддзе. Пра лёс хлопчыка з беларускай сям’і, які перажыў вельмі шмат. І памятаў ён добра і 39-ы год, і нямецкую акупацыю. І вельмі складаныя польска-беларускія адносіны. Таму што ў Вільні ён апынуўся толькі таму, што ягонай сям’і была рэальная пагроза забойства з боку польскай Арміі Краёвай. Тады яны са Шчучыншчыны перабраліся ў Вільню. І пасляваенныя часы.

І вяртаючыся да сітуацыі ў Вільні, у тыя часы, ды і сёння гаворыцца пра гэтую падзеленасць, адасобленасць розных беларускіх віленскіх дзеячоў, але ён даваў добрыя характарыстыкі практычна ўсім. Рабіў уражанне менавіта сваёй мудрасцю. Усё складалася не проста ў ягоным жыцці, грамадскай дзейнасці, але імкненне працаваць дзеля Беларусі, умацоўваць беларушчыну ў Літве, у Вільні і ў Беларусі таксама была вельмі важнай часткай ягонага жыцця, хіба галоўнай.

Хведар Нюнька спрычыніўся да з’яўлення многіх месцаў беларускай памяці, якіх улады ў Беларусі ніколі б не азначылі.

Пахаванне Хведара Нюнькі пройдзе ў Вільні а 13-30 у пятніцу 17-га жніўня, на могілках Ліпоўка.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

На 91-м годзе жыцця памёр беларускі грамадска-культурны дзеяч у Літве Хведар Нюнька.

Ён нарадзіўся на Мастоўшчыне. З прыходам немцаў у 1941 годзе бацька наняў Хведару настаўніка нямецкай мовы, што пазней уратавала яго бацьку ад расстрэлу. Калі на бацьку зрабілі данос аб вывешванні чырвонага сцяга, Хведар патлумачыў па-нямецку ў камендатуры, што той парваў польскі сцяг з прыходам Чырвонай арміі ў 1939 годзе. У 1943 годзе сям’я пераехала ў Вільню, у якой Хведар Нюнька ў 1948 годзе скончыў расейскую гімназію імя Чарняхоўскага. Вучыўся на лясным факультэце Літоўскай сельскагаспадарчай акадэміі (скончыў у 1953 годзе). Атрымаў размеркаванне ў Дзяржплан, аднак уладкаваўся на тры гады паводле спецыяльнасці інжынерам да 1959 года. Цягам 35 гадоў да 1992 года працаваў галоўным адмыслоўцам па каштарысах у праектных будаўнічых інстытутах Вільні. З 1980-х гадоў вёў актыўную грамадска-культурную працу па адраджэнні беларускасці ў Літве. Быў сябрам прэзідыуму Рады БНР з 1997 года.

Напісаў і выдаў у 2000 годзе ў Вільні кнігу “Мае ўспаміны”.

Беларускае Радыё Рацыя