Памёр мужчына, які ўчыніў самаспаленне каля Смалявіцкага РАУС



Мужчына, які здзейсніў самаспаленне ў Смалявічах (Менская вобласць), памёр, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Пацярпелы памёр ноччу 25 верасня ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Менску. „Пацыент знаходзіўся ў вельмі цяжкім стане ў рэанімацыі Рэспубліканскага апёкавага цэнтра. На жаль, нягледзячы на ўсю аказаную медыцынскімі работнікамі дапамогу, яго выратаваць не ўдалося”, — напісала прэс-сакратар міністэрства Юлія Барадун.

18 верасня прыкладна апоўдні 36-гадовы мужчына абліў сябе бензінам і падпаліў насупраць будынка Смалявіцкага РАУС. Ахопленага агнём чалавека патушылі супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго ён у вельмі цяжкім стане быў шпіталізаваны ў мясцовую бальніцу.

У той жа дзень Следчы камітэт у сваім тэлеграм-канале паведаміў: „Папярэдне ўстаноўлена, што ў 2016 годзе мужчына праходзіў лячэнне ў сувязі з псіхічным захворваннем і схільнасцю да суіцыду. 16 верасня супрацоўнікамі міліцыі была спыненая яшчэ адна яго спроба суіцыду, падчас якой мужчына папярэдне апавясціў праваахоўнікаў пра свае намеры звесці рахункі з жыццём у сувязі з перажываннямі ў асабістым жыцці. Гэтым разам, перш чым абліць сябе бензінам, ён таксама паведаміў, патэлефанаваўшы ў дзвярны званок будынка РАУС”.

19 верасня пацярпелага перавезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр пры Менскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

belapan.by