Памёр навуковец і палітык Юры Варонежцаў
Позна ўвечары 20 кастрычніка не стала кандыдата тэхнічных навук, экс-дэпутата Вярхоўнага савета СССР Юрыя Варонежцава. Пра ягоную заўчасную смерць паведаміла жонка Ларыса Варонежцава ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук: “20 кастрычніка позна ўвечары памёр мой Юрачка. Мы асірацелі. Любім. Смуткуем”.
У апошнія тыдні Юры Варонежцаў праходзіў курсы хіміятэрапіі. Юры Варонежцаў уваходзіў у склад аргкамітэта руху «Навукоўцы за бяз’ядравую Беларусь», выступаў супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Ён з’яўляўся аўтарам больш за 30 вынаходніцтваў, двух манаграфій, законапраекту «Аб экалагічнай бяспецы грамадзян». Юры Варонежцаў неаднаразова пераследаваўся беларускімі ўладамі. У 2010 годзе ў ягонай кватэры адбыўся ператрус, падчас якога адабралі кампутары, у тым ліку, і ягонай няпоўнагадовай дачкі, а таксама больш за пяць тысячаў даляраў. Юры Варонежцаў не дажыў да свайго 65-годдзя два месяцы.
Беларускае Радыё Рацыя
