Памёр навуковец з сакрэтнага прадпрыемства “Пеленг”



У лякарні ў Менску памёр Анатоль Тарэеў, начальнік аддзела аптычных сістэм прадпрыемства «Пеленг», якое ўваходзіць у склад Дзяржаўнага вайскова-прамысловага комплекса Беларусі.

Інфармацыю пра яго смерць пацвердзілі «Нашай Ніве» сваякі Тарэева. Анатолю Тарэеву было 67 гадоў.

Першапачаткова яго забралі з пнеўманіяй, ён правёў у менскай раённай цэнтральнай лякарні ў Бараўлянах каля трох тыдняў. Амаль адразу стан мужчыны пагоршыўся: 5 красавіка ён паступіў у лякарню, а ўжо праз тры дні Тарэева падключылі да апарата ШВЛ. Але выратаваць так і не змаглі, 27 красавіка навуковец памёр.

Афіцыйнага заключэння аб смерці пакуль няма. Але сваякі кажуць, што Тарэеву рабілі тэст на каронавірус і ён быў станоўчым. Па словах сваякоў, ніякіх сур’ёзных хранічных захворванняў Тарэеў не меў. Яго пахаваюць 30 красавіка ў закрытай труне. У базе патэнтаў Беларусі на імя Анатоля Тарэева зарэгістравана больш за 100 адзінак. Ён займаўся лазернымі прыцэламі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сацыяльнай сеткі „Аднакласнікі”