Беларусь развіталася з Нілам Гілевічам
Народнага пісьменніка Беларусі Ніла Гілевіча пахавалі на Кальварыйскіх могілках побач з ягонай жонкай Нінай Іванаўнай.
(Фота svaboda.org)
* * *
Беларусь развітваецца з апошнім Народным паэтам Нілам Гілевічам. Яго пахаваюць на Кальварыйскіх могілках побач з жонкай.
Скрыншоты з відэа
У Менску сёння пахаваюць апошняга народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. Паніхіда ў Свята-Петрапаўлаўскай царкве сабрала больш за 2 тысячы чалавек. У іх ліку літаратары, музыкі, мастакі, палітыкі, прадстаўнікі ўладавых колаў, людзі рознага веку. Таварыста беларускай мовы, створанае Гілевічам, прадстаўляе яго цяперашні старшыня Алег Трусаў.
– ТБМ, заснаванае Гілевічам, працуе бясплатна. У нас 2 штатныя супрацоўнікі на 0,25 стаўкі: бухгалтар і кіраўнік спраў. Чыста фармальна. Гэта заклаў Гілевіч. Па-другое, ён заснаваў газету «Наша слова», якая выходзіць і сёння.
Каб развітацца з Нілам Гілевіча, у царкву прыйшло нямала яго колішніх студэнтаў. Гаворыць журналіст, музыказнаўца Зміцер Падбярэзскі.
– Гэты чалавек вельмі добра ведаў фальклор. Мне пашанцавала, што на першым курсе ў мяне фальклор выкладаў менавіта Ніл Сымонавіч. Пасля ён кіраваў фальклорнай практыкай. Я хачу падкрэсліць, што яго вершы па прыродзе вельмі блізкія да народнай мелодыкі, да народных тэкстаў. Таму мяне не здзіўляе, што яны вельмі добра кладуцца на музыку.
* * *
Унутры і вакол Свята-Петрапаўскай царквы ў Менску, дзе праходзіць паніхіда, сабралася больш за 2 тысячы чалавек. У тым ліку першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.
– Шкада, што ён ранавата адышоў. І шкада, што ўяўленне нашай улады пра тое, што такое Ніл Гілевіч – прымітыўнае, убогае, нечалавечае. Бо нават не стварыць умовы ў апошнія гады яго жыцця, каб ён мог выйсці на вуліцу, магла толькі нечалавечная, самазадаволеная і бязглуздая ўлада.
Развітацца з Нілам Гілевіч сабраліся не толькі менчукі, але і людзі з розных куткоў Беларусі. Гаворыць фермер, былы падпалкоўнік КДБ Валерый Костка. Ён пракаментаваў з’яўленне на паніхідзе прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі ды Міністэрства культуры.
– Калі ты паважаеш чалавека, ты абавязаны прыйсці. Тое, што яны трымалі пад забаронай, можа, і не іх воля была. Гэта воля таго, хто кіруе і пануе ў Беларусі. Таму калі прыходзяць людзі ад улады, у іх ёсць разуменне таго, што адышоў ад нас волат беларускай літаратуры, волат Беларусі ўвогуле.
У храме праходзіць царкоўная служба, пасля якой Ніла Гілевіча пахаваюць на Кальварыйскіх могілках побач з жонкай.
Многія людзі чытаюць на памяць яго вершы, ушаноўваючы тым самым памяць паэта.
«Ніл Гілевіч для мяне – гэта настаўнік з вялікай літары. Як казаў Віктар Казько, Гілевіч – гэта назаўсёды. Ніл Сымонавіч пакінуў нашу зямлю і хутка ўступіць у сваё вечнае жыццё. Душа яго там, на небе, у раі, а яго паэзія, пераклады, публіцыстыка, літаратуразнаўчыя артыкулы тут, на зямлі, разам з намі, – кажа беларуская пісьменніца Раіса Баравікова. – Ніхто так маляўніча, мілагучна, з такой красой і пяшчотай не ўжываў роднае слова так, як Ніл Гілевіч. Яго мова – гэта краса і гонар нашага народа, нашай нацыі».
«Для Ніла Гілевіча мова была асновай палітыкі, каб была беларуская дзяржава і беларуская нацыя», – адзначыў Павел Знавец. Паводле яго, надыдзе час сапраўды вольнай і незалежнай Беларусі, пра якую марыў, дзеля якой жыў і працаваў Ніл Сымонавіч Гілевіч. «Здраднікаў косці адрыне наша зямля, адрыне гэты рэжым», – сказаў Знавец.
Станіслаў Шушкевіч: “Я памятаю Гілевіча як чалавека, якога ведаў 65 гадоў. Ён манумент чыстай і справядлівай беларускасці. Ён дзейнічаў разумна ў любой сітуацыі. У памяці народнай Ніл Гілевіч будзе жыць вечна: яго памяталі, памятаюць і будуць памятаць”.
«Дзякуючы Гілевічу, я сам прыйшоў да мовы», – адзначае старшыня ТБМ Алег Трусаў, які таксама прыйшоў на развітанне з Народным паэтам. Па словах Трусава, дзякуючы Гілевічу і яго аднадумцам мы маем мову і незалежную дзяржаву.
Да Петрапаўлаўскага сабора на развітанне з Нілам Гілевічам цягнецца чарга людзей.
Народны майстар грае на цымбалах.
Вялікі букет ружаў прынесла міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
«Гэты чалавек усё сваё жыццё прысвяціў змаганню за беларускую мову, за беларускую дзяржаву,» — заявіў у інтэрв’ю «Свабодзе» былы мінстр замежных спраў Беларусі Пятро Краўчанка, які прыйшоў на пахаванне Ніла Гілевіча.
На развітанне прыйшло шмат сяброў паэта, літаратараў, грамадскіх дзеячаў, а таксама простых людзей.
На разівітанне з Нілам Гілевічам прыйшоў амбасадар Літвы Эвалдас Ігнатавічус і міністр культуры Барыс Святлоў (на фота).
(Фота svaboda.org)
Пісьменнік Міхась Скобла лічыць, што Народны паэт насіў вельмі трапнае і сімвалічнае імя:
– Можна сказаць, што Ніл Гілевіч быў тым Нілам, які жывіў гэтую пустэльню. Беларусь не зусім ужо Сахара, але штосьці на ўзор саваны, дзе аазісы беларушчыны раскіданыя, і паміж імі часам няма сувязі. І трэба, каб гэтыя аазісы размнажаліся і пашыраліся. Гэта ўжо рабіць нам.
Пахаваюць Ніла Гілевіча на Кальварыйскіх могілках, каля жонкі.
Народны паэт Беларусі памёр 29 сакавіка ў Менску, на 85-м годзе жыцця.
* * *
Ураджэнец Лагойшчыны пакінуў след у гісторыі Беларусі не толькі як народны паэт, фалькларыст, навуковец, педагог, але і грамадскі дзеяч. Дзякуючы дэпутату Вярхоўнага Савета БССР Гілевічу беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у 1990 годзе. Паэт стаў заснавальнікам і першым старшынём Таварыства беларускай мовы, а таксама адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Cтаршыня Рады гэтай арганізацыі Ніна Шыдлоўская выказвае спачуванні не толькі блізкім і родным паэта, але ўсім беларусам:
– Я б хацела працытаваць тыя словы, якія Ніл Сымонавіч гаварыў з высокай трыбуны Першага з’езду беларусаў свету і якія, на жаль, актуальныя сёння. Ён казаў: “Гаварыў неаднойчы і яшчэ раз скажу з гэтай высокай трыбуны: наша дзяржава яшчэ далёка не стала ў поўным сэнсе слова беларускай дзяржавай. На вялікі жаль, і ў нашым Парламенце, і ва ўрадзе, у нашых дзяржаўных і недзяржаўных структурах – супраць лініі на станаўленне суверэннай, незалежнай, нейтральнай, бяз’ядзернай беларускай дзяржавы выступаюць не толькі даўнія загартаваныя і асатанелыя ворагі беларушчыны, але і некаторыя дэмакраты, прыхільнікі і абаронцы эканамічных рэформаў.
Гаворыць цяперашні старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка:
— Для большасці маладых літаратараў і літаратараў сярэдняга пакалення Ніл Сымонавіч быў найбліжэйшым сябрам, які заўсёды мог падтрымаць добрым, мудрым словам, з якім было заўсёды лёгка. ЁН любіў гутарыць з маладымі, любіў цікавіцца справамі маладых, вельмі шмат чытаў паэзіі і прозы маладых, любіў пажартаваць у гутарках і гэта якраз праяўляецца ў ягоных творах: у яго шмат сатырычных паэмаў пачынаючы ад найбольш вядомай і вялікай паэмы «Сказ пра лысую гару». Мы часта бывалі ў яго і літаральна штомесяц стараліся наведаць яго, каб падтрымаць і расказаць пра справы, якія адбываліся ў Саюзе. Збіраліся неўзабаве запісаць ягоны голас, хацелі, каб ён сам начытаў свае сатырычныя паэмы, але, на жаль, не паспелі зрабіць задуманае. Каб выдаць дадатковыя тамы да збору твораў, каб падрыхтаваць сваю публіцыстыку, запісы розных гадоў, якія ён рабіў і пастаянна друкаваў у тым жа «Дзеяслове» і іншых выданнях. На жаль вось гэтага часу лёс яму не даў і гэтага вельмі шкада. Гэта найвялікшая страта ля ўсёй Беларусі.
Развітанне з Нілам Гілевічам пройдзе першага красавіка з 11-ай да 13-ай гадзіны ў Свята-Петрапаўлаўскім саборы ў Менску. Там жа пазней пройдзе паніхіда. Народнага паэта Беларусі пахаваюць на Кальварыйскіх могілках.
* * *
Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміла шэф-рэдактар «Народнай волі» Святлана Калінкіна.
Нілу Гілевічу было 84 гады. Ён быў апошнім Народным паэтам Беларусі.
Апошнім часам ён пакутаваў на анкалагічнае захворванне. Сёння трапіў у рэанімацыю…
Ён быў чалавекам, чыя роля была асноўная ў наданні беларускай мове статуса дзяржаўнай (1989) і наданні нацыянальнай сімволіцы статуса дзяржаўнай (1991).
Ён быў адначасова паэт, навуковец і выкладчык — выбітная і ўладарная постаць беларускай літаратуры.
У літаратуры Ніл Гілевіч правёў 70 гадоў — першыя яго вершы з’явіліся ў друку ў 1946-м.
Многія моманты біяграфіі аўтара першага беларускага рамана ў вершах самі сабой вартыя рамана — ад змены «савецкага» імя Нінел («Ленін» наадварот) на гучнае і кароткае Ніл да складання культавага «Сказа пра Лысую гару» і дваццацігадовага маўчання пра яго.
***
Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай (1951), а таксама філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1956). Кандыдат філалагічных навук, прафасар. У 1958—1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газеты «Звязда». З 1960 года працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1980—1989 — першы сакратар праўлення Саюзу Пісьменнікаў БССР. З 1989 — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар газеты-бюлетэня ТБМ «Наша слова». З чэрвеня 1990 — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савету БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнае спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР (1985—1990). У 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзыдыуму Вярхоўнага Савету БССР.
Першыя вершы былі надрукаваны ў 1946 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «Святлынь» (1984), раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), «Як дрэва карэньнем» (1986), «Повязь» (1987), «Жыта, сосны й валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994), «…І плямы на табе няма» (2003), «На флейце самоты» (2004).