Памёр савецкі праваабаронца і дысідэнт Леанід Плюшч
У Францыі на 78-м годзе жыцця памёр савецкі праваабаронца і дысідэнт Леанід Плюшч. Ён нарадзіўся 2 красавіка 1938 года ў сям’і ўкраінцаў у Кіргізстане, пазней з сям’ёй пераехаў ва Украіну, дзе ён скончыў мэханіка-матэматычны факультэт Кіеўскага унівэрсытэту. У 1960-я гады Плюшч працаваў у Інстытуце кібэрнэтыкі Акадэміі навук Украіны. У 1968 ён адправіў у «Камсамольскую праўду» ліст з пратэстам супраць працэсу над праваабаронцамі Аляксандрам Гінзбургам і Юрыем Галансковым і быў звольнены з інстытуту.
У 1972 годзе пасля ператрусаў Плюшч быў арыштаваны і абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі і прапагандзе з мэтай падрыву існуючага ладу. Пазней яго прызналі хворым на шызафрэнію і змясцілі ў псыхіятрычную бальніцу ў Днепрапятроўску.
Справа Плюшча атрымала розгалас і паказала, што ў СССР за часамі Леаніда Брэжнева псіхіятрыю выкарыстоўвалі ў карных мэтах супраць іншадумцаў.
У выніку міжнароднай кампаніі Плюшч быў вызвалены. Выйшаўшы на волю, праваабаронца ў 1976 годзе пакінуў СССР і з’ехаў з сям’ёй у Францыю. Там ён стаў замежным прадстаўніком Украінскай Хельсінгскай групы. На Захадзе Плюшч выпусціў кнігу «На карнавале гісторыі».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота trust.ua