Памёр старшыня праўлення футбольнага клуба БАТЭ Анатоль Капскі



У суботу, 22 верасня, на 53-м годзе жыцця раптоўна памёр старшыня праўлення барысаўскага футбольнага клуба БАТЭ Анатоль Капскі.

„Пра ўнёсак гэтага чалавека ў беларускі футбол можна казаць бясконца: усе поспехі БАТЭ — яго заслуга. Капскі дыхаў сваім стварэннем, заўсёды стаяў грудзьмі за гульцоў і трэнераў, таму і быў гэтак паспяховы. Ён вельмі шмат зрабіў — і не хацеў спыняцца, будаваў планы, глядзеў толькі наперад. На жаль, сёння ў 11.00 сэрца Анатоля Анатольевіча перастала біцца”, — паведамляецца на сайце клуба.

Капскі быў адным з ініцыятараў стварэння футбольнага клуба БАТЭ, які быў заснаваны 12 красавіка 1996 года.

У 1999-м барысаўчане ўпершыню заваявалі залатыя медалі чэмпіянату Беларусі. З тых часоў каманда чатырнаццаць разоў перамагала ў нацыянальным чэмпіянаце. БАТЭ за 21 год свайго існавання тройчы перамагаў у Кубку Беларусі і сем разоў — у Суперкубку.

Анатоль Капскі нарадзіўся 19 лютага 1966 года ў вёсцы Дуброва (Чэрвеньскі раён Менскай вобласці).

У 1987 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбышава па спецыяльнасці бухгалтарскі ўлік і аналіз гаспадарчай дзейнасці ў прамысловасці. У 2005—2007 гадах — слухач Акадэміі кіравання пры прэзідэнце (спецыяльнасць — „Дзяржаўнае кіраванне нацыянальнай эканомікай”). Атрымаў кваліфікацыю „Спецыяліст у галіне дзяржаўнага кіравання”. У 1987—1990 гадах працаваў старшым эканамістам па фінансавай працы на 140-м рамонтным заводзе ў Барысаве (Менская вобласць). У 1990—1996 гадах — намеснік дырэктара па эканоміцы шматпрофільнага прадпрыемства „Полымя” ў Барысаве. У 1996—2001 гадах — генеральны дырэктар ТАА „Сталкер”.

У 2001—2005 гадах — намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы ТАА „БАТЭ”. З чэрвеня 2005 года — генеральны дырэктар ААТ „БАТЭ”. З 1996 года кіраваў футбольным клубам БАТЭ.

belapan.by

Фота tvr.by